Думай пра блізкага

Размещено Июн 20, 2013 в НОВОСТИ | Комментарии (0)

Думай пра блізкага

Маладзечанская газета 19.06.2013 07:34

http://mgazeta.by/proishe/gai/3249-osvet

Нядаўна ў нашым горадзе прайшло асвячэнне скрыжаванняў вуліц, на якіх найбольш часта здараюцца аварыі. Ініцыятарамі акцыі выступілі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС і святары Праваслаўнай царквы.

– Маладзечна не першы горад, дзе асвячаюцца найбольш небяспечныя скрыжаванні і ўчасткі вуліц, – паведаміў начальнік штаба Маладзечанскага РАУС Яўгеній Беркутаў. – Добры вынік далі падобныя мерапрыемствы ў Брэсце, Гродне, Слоніме, Валожыне. Таму мы вырашылі і ў нашым горадзе нагадаць, што выконваць правілы дарожнага руху заклікаюць і свецкія законы, і евангельскія запаведзі.
Па словах начальніка штаба, галоўная мэта акцыі – звярнуць увагу на маральны бок праблемы бяспекі дарожнага руху. Той, хто садзіцца за руль у стане алкагольнага ап’янення, пераходзіць вуліцу на чырвоны сігнал святлафора або парушае хуткасны рэжым ваджэння, рызыкуе не толькі сваім жыццём, але і іншых людзей. Між тым, Евангелле вучыць нас любіць блізкіх, як саміх сябе. Блізкімі ж і для вадзіцеляў, і для пешаходаў з’яўляюцца іншыя ўдзельнікі дарожнага руху.
– Кожны павінен задумвацца, ці правільна ён паступае ў паўсядзённым жыцці, – адзначыў благачынны Маладзечанскай акругі протаіерэй айцец Віталій Багданёнак. – Напрыклад, садзіцца за руль злым або сярдзітым не трэба, бо негатыўныя эмоцыі прытупляюць увагу. Бацькі заўсёды павінны быць прыкладам для дзяцей. У тым ліку, і прыкладам паводзін на дарозе. А вадзіцелі матацыклаў, якія на вялікай хуткасці з аглушальным ровам ездзяць па гарадскіх вуліцах, павінны разумець, што перашкаджаюць іншым. Увогуле, чалавек, які выконвае Божыя запаведзі, правілы дарожнага руху парушаць не будзе.
У ходзе акцыі былі асвечаны тры скрыжаванні на Вялікім Гасцінцы (з вуліцамі Касманаўтаў, Гарадоцкай і Машэрава), а таксама скрыжаванне вуліц Віленскай і Валынца. Рух транспарту ў гэты час перарываўся літаральна на хвіліны.
Памінальная паніхіда па тых, хто загінуў у аварыях, завяршыла мерапрыемства ля стэлы з выявай Божай Маці.
Па словах маладзечанкі Тамары Палонскай, якая прысутнічала пры асвячэнні аднаго са скрыжаванняў, падобныя акцыі вельмі карысныя. Яны вучаць і пешаходаў, і вадзіцеляў паважаць адзін аднаго.
– Бяспека на дарозе залежыць ад кожнага ўдзельніка дарожнага руху, — дадаў вадзіцель Уладзімір Дашкевіч. – Каб не трапіць у бяду, мы павінны клапаціцца і аб сабе, і аб іншых.
Сумная статыстыка. На дарогах горада і раёна ў выніку ДТЗ з 2007 года загінула 3 дзіцяці, 33 жанчыны і 77 мужчын. Іх імёны былі ўзгаданы ў ходзе паніхіды ля стэлы з выявай Божай Маці.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота Аляксея ПЛАТКО.

(22)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели