Встреча владыки Павла с молодёжью г. Молодечно

Размещено Дек 26, 2014 в Клир и Мир, НОВОСТИ, проекты Светоча, Фото | Комментарии (0)

Встреча владыки Павла с молодёжью г. Молодечно

Такі нам выпаў гонар

23 снежня ў Палацы культуры прайшла першая сустрэча епіскапа Маладзечанскага Паўла з моладдзю. Уладыка Павел,  па рэкамендацыі сакратара Маладзечанскай епархіі благачыннага горада Маладзечна протаіерэя Віталія Багданёнка, пажадаў сустрэцца менавіта з актывам праваслаўнай моладзі горада, якая ўваходзіць у склад духоўна-патрыятычнага аб’яднання “Светач”, што працуе пры Палацы культуры ўжо 7 год.  Ініцыятар і арганізатар  духоўна-асветніцкіх, місіянерскіх праектаў і культурна-масавых мерапрыемстваў не толькі ў Палацы , але і ва ўстановах  адукацыі, сацыяльнага тыпу, аб чым засведчыў невялікі відэаролік, мае шмат сяброў, аднадумцаў ўжо не толькі на  Маладзечаншчыне.

       Ідэя стварэння аб’яднання праваслаўнай  моладзі  дзеля добрых спраў  даўно абмяркоўвалася на ўзроўні клубнага аб’яднання, больш пашырана – з запрашэннем на сустрэчу сакратара сінадальнага савета па справах моладзі Мінскай епархіі Яўгена Лабанава . Гэта і стала галоўным пытаннем апошняй сустрэчы, на якой таксама прысутнічалі маладыя свяшчэннікі Маладзечанскага благачынія: кандыдат богасловія іерэй Яўгеній Саўчук і клірык храма Прасвятой Багародзіцы Андрэй Громаў.  Не прадбачылася вялікай галоснасці,  сустрэча была хутчэй працоўнай, але не абыйшлося  без Маладзечанскага тэлебачання, сталых сяброў “Светачы” журналістаў радыё і “Маладзечанскай газеты” Людмілы Цар і Алега Бяганскага.

     Адзін з ініцыятараў стварэння маладзёжнага аб’яднання, стваральнік групы “Маладзечна праваслаўнае” ў сацыяльнай сетцы “ВКантакце” і адміністратар  аднайменнага  сайта Мікалай Шаўлюк пазнаёміў прысутных  з арганізацыйным планам дадзенага праекта. Гэта найперш пытанні катэхізацыі моладзі, падрыхтоўкі, прыцягнення, асабліва студэнтаў музычнага каледжа, да ўдзелу ў царкоўных хорах, валанцёрскім і іншых рухах. На пастаўленыя пытанні былі таксама прапанаваны шляхі іх вырашэння. Сваёй ініцыятывай, праз узаемадзеянне з уладнымі структурамі, грамадскімі арганізацыямі, але найперш служыцелямі праваслаўнай царквы. Каму як ні свяшчэннікам быць зацікаўленымі ў адраджэнні і замацаванні лепшых традыцый духоўнасці праз адукацыю, культуру, клопат аб пераемнасці пакаленняў вернікаў, стварэнні трывалых праваслаўных сем’яў.  

 Уважліва выслухаў уладыка Павел паведамленне яшчэ адной ініцыятаркі стварэння маладзёжнага аб’яднання — супрацоўніцы Раённай паліклінікі Аксаны Іванчук. Яна расказала аб вопыце работы з праваслаўнай моладдзю ў Полацкай епархіі, на Глыбоччыне і на Браслаўшчыне, адкуль яна родам. Гэта Аксана, яшчэ будучы студэнткай Маладзечанскага медыцынскага каледжа, заклікала праз  сацыяльныя сеткі арганізавацца для правядзення маладзёжнага праваслаўнага балю ў нашым горадзе. І сёння яна  не скрывае свайго намеру ўзяць на сябе любую адказную справу па стварэнні такога неабходнага саюза маладых праваслаўных хрысціян.

Расповед Марыны Валасковіч – кіраўніка клуба “Дыялог +”  Палаца культуры і адной з ініцыятараў конкурса маладзёжных творчых праектаў “Час жыць” быў з цікавасцю ўспрыняты епіскапам Маладзечанскім Паўлам.  Нягледзячы на занятасць,  ён з задавальненнем прыняў запрашэнне  наведаць калядныя чытанні “Калі прыходзяць Анёлы”, якія  наладзілі сябры клуба “Дыялог +” сумесна з педагогамі Маладзечанскай школы мастацтваў  у перадсвяточныя дні.

Пры невялікай колькасці запрошаных на сустрэчу, было ўзнята немала пытанняў, не абыйшлося і без набалелых. Як і па кожнай старонцы праграмы, з вялікай зацікаўленасцю і кампетэнтнасцю, на кожнае з іх, грунтоўна адказаў  пачэсны ініцыятар і, адначасова, госць сустрэчы уладыка Павел. Слушныя парады, падказкі  сведчылі аб  вопыце работы з моладдзю, веданні псіхалогіі  і жаданні ўключыцца ў паслядоўную работу па рашэнні праблем выхавання,  арганізацыі вольнага часу  моладзі.  Сістэма каштоўнасцей, збудаваная на грунце духоўнасці, лепшых народных традыцыях  можа мець будучыню. Пагадзіўся ён з пунктам праекта праграмы, дзе была абазначана роля аўтарытэта царквы, яе ўзаемадзеянне з уладамі ў рашэнні пытанняў маладзёжнай палітыкі.  Гэта цалкам падцвердзіла тое, аб чым сцвярджалася ў дакладзе Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла напярэдадні,  на агульным сходзе свяшчэнства Міншчыны.  Даволі доўгай была першая сустрэча ў Палацы культуры з маладзёжнай групай і тымі сталымі, хто працуе і сябруе з прыгожымі прадстаўнікамі будучыні нашай краіны, але яна не стаміла. Для некаторых, асабліва сяброў “Светачы” – навучэнцаў Палітэхнічнага каледжа, многае было ў навіну: і тэма сустрэчы, і яе характар, і, канешне, асоба высокага госця. Уладыка Павел з жаданнем замаўляў далейшыя сустрэчы пад дахам Палаца культуры, дзе ён будзе рады пачуць кожнага, хто гатовы прыйсці проста з набалелым і атрымаць адказы на свае пытанні. І, канешне, дапамагчы тым, хто і ў Бога гатовы багацець і аб лёсе Радзімы клопат мець. І храм душы сваёй  будаваць і зямную абіцель Хрыста не забываць – наведваць богаслужэнні ў праваслаўных храмах.

                                                                    Л. Карчэўская

(199)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели