“Нам кніга – вечнае святло…”

Размещено Мар 30, 2016 в Без рубрики, Клир и Мир, НОВОСТИ | Комментарии (0)

“Нам кніга – вечнае святло…”

“Нам кніга – вечнае святло…”


12 сакавіка 2016 года па благаславенні настаяцеля царквы Святой Жываноснай Троіцы аг. Маркава протаіерэя Мікалая Пешко адбылася літаратурна-музычная сустрэча “Праз кнігу – да духоўнага адраджэння”. Мерапрыемства, ініцыятарамі і каардынатарамі якога выступілі Маркаўская царква, сельская і школьная бібліятэкі, было прымеркавана да Года культуры РБ і Дня праваслаўнай кнігі.
Як вядома, рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы 14 сакавіка (па новым стылі) аб’яўлены Днём праваслаўнай кнігі. Абраная дата – сімвалічная: 1 сакавіка (па старым стылі) 1564 года была выдадзена першая на Русі друкаваная кніга Івана Фёдарава “Апостал”. Гэтая акалічнасць і лягла ў аснову названага мерапрыемства.
Нездарма кажуць, што кніга – гэта самае вялікае адкрыццё і вынаходніцтва чалавецтва, што кніга – гэта цуд. Змаглі пераканацца і пацвердзіць такі погляд усе прысутныя дадзенага мерапрыемства: вучні дэкламавалі вершы беларускіх пісьменнікаў пра кнігу, вялася нязмушаная гутарка-дыскусія аб няпростым выбары ў безлічы сучаснай праваслаўнай літаратуры той адзіна правільнай і патрэбнай кнігі, аб перавагах і недахопах традыцыйнай, друкаванай кнігі і новай, электроннай. Протаіерэй Мікалай Пешко засяродзіў увагу на тым, што пачынаць патрэбна з самай галоўнай і важнай Кнігі Кніг – Бібліі, якую вывучаць і кожны раз знаходзіць нешта новае на працягу ўсяго жыцця можа любы чалавек, а рацыянальнае спалучэнне традыцый і наватарства ў кніжнай справе толькі паспрыяе духоўнаму развіццю. Прадстаўнікі старэйшага пакалення маркаўчан усё ж схіляюцца да друкаваных кніг. Тут цяжка не пагадзіцца: кніга такая выконвае ролю “сведак часу”.
Як вядома, у бібліятэках (маюцца на ўвазе сельскія, школьныя і інш., не прыхадскія) літаратура духоўнага кшталту калі і прадстаўлена, то адносна невялікай колькасцю выданняў. Таму выдатным набыткам для сельскай бібліятэкі стаў падарунак настаяцеля царквы Святой Троіцы протаіерэя Мікалая. Бацюшка ўручыў бібліятэкару кнігі духоўнага зместу, якія дапамогуць чытачам адкрыць для сябе таямніцы і асаблівасці праваслаўнай веры.
Удзельнікі імпрэзы мелі магчымасць пазнаёміцца з богаслужбовай і жыційнай літаратурай ХІХ-ХХ стагоддзяў, якая захоўваецца ў бібліятэцы царквы і была прадстаўлена на арганізаванай бібліятэкарамі выставе. Была прасочана і эвалюцыя “Епархіяльных ведамасцей” ад канца 1770-х гадоў да 2015 года.
Агульная выснова, якая была падведзена напрыканцы мерапрыемства, заключаецца ў тым, што такія сустрэчы павінны стаць традыцыйнымі, бо тэма кнігі ў жыцці грамадства невычарпальная:
Нам кніга – вечнае святло,
Крыніца ведаў, цуд бясконцы!
І параўнацца з ёй магло б,
Відаць, у свеце толькі сонца.
(М. Пазнякоў)

(222)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели