Святые источники

 Апублікавана ў «Рэгіянальная газета» 23.08.2010. 13:31 (http://www.rh.by/by/85/10/2099)
 AЎТАР: МІХАІЛ МІХАЛЕВІЧ

Вада з дзевяці крыніц

— Да многіх  крыніц былой Віленскай губерні (Чарневічы Глыбоцкага раёна) ішлі на Купалле (на Яна).

Па нашым рэгіёне, па Павіллі струменіць многа сярэдніх і дробных рэк, ручаёў, шмат маецца азёраў, вадасховішчаў, сажалак. Менавіта крыніцы даюць пачатак усім прыродным вадаёмам, сілкуюць іх і папаўняюць свежай вадой.

  

 Крыніца ля вёскі Чарневічы.

 

 Крыніца ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна. Людзі прыязджаюць за крынічнай вадой здалёк.

 

 Нельга не паспытаць ваду з крынічкі і ручая Млынок, што на правым беразе Вяллі, амаль адразу за вёскай Ашмянец, дзе былі калісьці езуіты.

 

 Крыніца ля Жодзішак.

 

 Крыніца ў Груздава знікла. Але ля царквы ніколі не перасыхае лужына.

 

 Маецца павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе з крыніцы каля вёскі Даманова Вілейскага раёна.

 

 Крыніца ў Даманова даглежаная.

 

 Крыніца ў Даманова даглежаная.

 

 Крынічная купель ў Даманова.

 

 У вёсцы Дубок Астравецкага раёна кожны год асвячаюць крыніцу. У гэты дзень збіраюцца сотні людзей.

 

 

 Крыніца ў Дубку адна з самых прыгожых. Знаходзіцца на левым беразе Вяллі і бачна ад вады здалёк.

 

 

 Крыніца ў Жодзішках.

 

 Добраўпарадкаванаz крыніца на пляжы, на левым беразе Вяллі, за паўтара кіламетра ніжэй Жодзішкаў.

 

 

 Вялля выцякае з балот, сілкучыся дзясяткамі крыніц. У савецкі час яна каналізавана.

 

 

 Крыніца ў вёсцы Нястанішкі Смаргонскага раёна вельмі дагледжаная. Ля яе стаіць вось такі ўказальнік.

 

 

 Крыніца ў Смаргоні.

 

 

 Лагойская крыніца свяціцеля Мікалая.

 

 Лагойская крыніца свяціцеля Мікалая.

 

 Крыніца ў вёсцы Лешна Маладзечанскага раёна.

 

 Крыніца ў вёсцы Лешна Маладзечанскага раёна.

 

 Крыніца ў вёсцы Лешна Маладзечанскага раёна.

 

 Крыніца ў вёсцы Лешна Маладзечанскага раёна.

 

Яшчэ ў першабытныя часы жыццёвыя назіранні прывялі людзей да высновы, што самая чыстая і смачная вада – не ў моры, не ў балотах і нават не ў рэках і азёрах. Найлепш гігіенічным і смакавым патрабаванням адпавядае крынічная вада. Менавіта з расчысткі і паглыблення крыніц пачалося будаўніцтва першых калодзежаў.Ужо тады былі заўважаныя лекавыя ўласцівасці вады з некаторых крыніц, ацэненая іх жыватворная сіла. Пазней многія з іх сталі месцамі ўшанавання, каля іх будавалі язычніцкія свяцілішчы. Сюды пры­ходзілі памаліцца багам, прыносілі ахвяраванні – воўну, лён, кветкі, курэй. Пасля прыняцця хрысціянства побач з крыніцамі пачалі ставіць крыжы, узводзіць капліцы, вешаць абразы Божай  Маці. Сюды хадзілі хрэсным ходам, праводзілі асвячэнне вады. Святыя крыніцы ў залежнасці ад змены канфесійнай сітуацыі пераходзілі з-пад апекі адной царквы да другой.

Вада ад нырак і галаўнога болю

Пранікаючы на паверхню, крынічная  вада праходзіць праз  пласты гравію і  пяску, што забяспечвае ёй натуральнае прыроднае фільтраван­не. Пры такой ачыстцы вада не губляе сваіх гаючых якасцяў, не змяняе структуры і гідрахімічнага складу. Таму крынічную ваду даўней (а ў некаторых месцах і цяпер) можна было піць без якіх-небудзь  дадатковых ме­та­даў ачысткі. 

Не ўся крынічная вада аднолькавая па сваім складзе. Адна дапамагае  змагацца з павышаным артэрыяльным ціскам і арытміяй, другая аказвае ўплыў на апорна-рухальны апарат і нервовую  сістэму або ратуе ад галаўных боляў і спрыяе ачышчэнню печані і нырак. Ёсць крыніцы, якія дапамагаюць людзям нар­малізаваць кровазварот, справіцца з мочакаменнай хваробай, дабратворна ўплываюць на скуру. Раней у пераважнай большасці выпадкаў вадой з крыніц лячылі ў першую чаргу хваробы вачэй, і вельмі рэдка – іншыя захворванні.

Думаю, што самымі вядомымі для  жыхароў нашага рэгіёна з’яўляюц­ца дзве  крынічкі ў Купе: на беразе возера Нарач і паміж санаторыем “Нарач” і Домам адпачынку “Нарачанскі бераг”. У першай з іх вада смачная, па сваім мінеральным саставе нагадвае ваду, якая сцякае з Нарвежскіх гор. Такую ацэнку далі спецыялісты пасля правядзення спектраметрычных даследаванняў у інстытуцкай лабараторыі Белгеалогіі. Даследавалася гэта вада яшчэ і ў лабараторыях тэрытарыяльных санітарна-эпідэміялагічных уста­ноў на адпаведнасць гі­гі­­енічным патрабаванням. Высветлілася, што ўтрыманне нітратаў не перавышае дапушчальных нормаў у абедзвюх крыніцах.

Мне падабаецца мясцовая легенда пра ўтварэнне Нарачы, пачутая ад мясцовага жыхара Аляксандра Сіскевіча. Было гэта вельмі даўно, калі ў тутэйшых мясцінах рос толькі вялікі лес, у якім жылі дзікія звяры. Аднойчы на зямлі зрабілася страшэнная засуха. Сталі перасыхаць рэкі, азёры, балоты. Шукаючы паратунку, на Мядзельшчыну аднекуль прыйшло невядомае племя людзей. Яны ўгледзелі ў лесе адзіную невялічкую крынічку і, нягледзячы на смагу, не затапталі яе, не забрудзілі, не вычарпалі да дна, а аднесліся з вялікім дабром і пашанай.

Асцярожна паглыбілі дно, умацавалі берагі, ачысцілі рэчышча ручая. А назаўтра зрабіўся цуд – зямля нарадзіла побач яшчэ некалькі крыніц, і іх таксама людзі доб­раўпарадкавалі. Праз некаторы час у акрузе сталі біць дзесяткі крыніц, з якіх і ўтварылася цудоўнае возера Нарач. Племя падумала-падумала ды асела на яго берагах. Жыве і цяпер. Робіць дабро, шануе і беражэ  возера. У знак удзячнасці крынічкі струменяць і адорваюць гэту зямлю  вадой.

Не з усякай крыніцы можна напіцца

На жаль, крыніц з карыснай вадой не так ужо і шмат. А некаторыя з іх і наогул могуць стаць прычынай многіх сур’ёзных захворванняў. А ўсё таму, што вада асобных з іх залягае на невялікай глыбіні, і туды скрозь зямлю трапляюць шкодныя рэчывы з паверхні.

Бывае і так, што паблізу крыніцы знахо­дзяцца звалкі, адстойнікі, гароды, складзіруюцца арганічныя ці мінеральныя ўгнаенні, з якіх у ваду трапляюць такія небяспечныя для здароўя чалавека элементы, як  нітраты, дыяксіны, цыяніды, фасфаты, свінец, нікель, хром, ртуць, мыш’як, пестыцыды,  радыенукліды. Таму, перш чым напіцца з крыніцы, карысна было б вадзіцу праверыць.

Напрыклад, вада з до­б­­раўпарадкаванай кры­ні­цы ў канцы Мядзела, што справа ад шашы за бальніцай, мае калі-нікалі завышанае ўтрыманне нітратаў. Гэта залежыць ад напрамкаў цячэння падземных грунтовых вод, ад таго, дзе і калі  выпалі дажджы, ад сезона, калі браліся пробы, але галоўнае, што уздзейнічае на якасць вады – антрапагенная дзейнасць (непадалёку размешчаныя дамы сядзібнага тыпу).

Па дадзеных іспытаў тэратарыяльных сан­эпід­устаноў, такое ж ста­новішча склалася і з якасцю вады з крыніцы па вуліцы  Стаханаўскай у Вілейцы (зімой вада адпавядае патрабаванням, а летам не заўсёды). Аналагічная сітуацыя і ў Астраўцы, і ў вёсцы Малі Астравецкага раёна, у Заходнім раёне Смаргоні, у мястэчку Вішнева Валожынскага раёна, па вуліцы Францішканскай у Ашмянах.

Маецца павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе з крыніцы і купелі каля вёскі Даманова Вілейскага раёна. А вось вада з крыніц у квартале Будаўнікоў і мікрараёне Заходні ў Ашмянах, вуліцы Гор­кага ў Смаргоні, каля вёскі Лешна і ў Ра­ку­цёўшчыне (крынічка Ма­ксіма Багдановіча) Маладзечанскага раёна, Жо­дзішак, Дубка, Быстрыцы, Гервятаў адпавядае гігіенічным нормам.

Хочацца ўспомніць знакамітыя крыніцы рэгіёна, якіх, на жаль, ужо няма.

Царкву зачынілі, крынічку зруйнавалі

 Груздаўская крынічка знаходзілася акурат за царквой, на паўночным  баку. Яе, як расказваюць людзі, пабудавалі на сродкі  старосты Трокскага князя Андрэя Саковіча ў 1440 годзе. У знак удзячнасці за выратаванне цудадзейнай іконай Маці Божай у час цяжкага ранення ў бітве 1433 года князёў Свідрыгайлы з Жыгімонтам на полі Чырвоная Валока паміж вёскамі Груздава і Капачы.

З таго даўняга часу да савецкага перыяду не толькі з наваколля, але і з усёй Беларусі, нават з Украіны, Балгарыі, Чэхіі, іншых славянскіх краін, ехалі і ішлі сюды людзі, каб пакланіцца і ўшанаваць цудатворны абраз і набраць святой гаючай вады.

15 ліпеня ў вёсцы праходзіла вялікае свята – Пятро Груздаўскае, у час якога асвячалі ваду. Мясцовы жыхар Уладзімір Калачык быў з набожнай сям’і. Кажа, разам з маці яны штогод хадзілі на фэст у Груздава. З іх Мойсічаў да гэтай вёскі 12 кіламетраў. Але не адчувалі ні стомы, ні цяжкасці. Ногі, здавалася, самі неслі да храма.

Памятае, як пасля малення людзі выходзілі з царквы на каленях і такім чынам рухаліся да крынічкі. Вада там пералівалася праз падножжа крыжа і трапляла ў ванну, адкуль яе і набіралі вернікі.

Сяляне, стаўшыя пасля калгаснікамі, у фэст традыцыйна не працавалі, што надта не падабалася начальству. І ў камітэт па справах рэлігіі ішлі і ішлі службовыя запіскі ад упаўнаважаных.  Па меркаванні маладзечанкі Любові Карповіч, якая дасканала вывучала тэму ў архівах, крынічку гэту зруйнавалі бязбожнікі ў пачатку 60-х, калі зачынілі Груздаўскую царкву, а дом бацюшкі аддалі пад школу.

У 1995 годзе царква зноў адчынілася. Але крынічку так ніхто і не аднавіў. Бывае, сочыцца вільгаццю зямля, а ў доле, у 25 метрах ад агароджы,  ніколі не высыхае невялічкая сажалка-балотца. І ёсць надзея, што пад зямлёй засталася жыла, што можа якім цудадзейным чынам крынічка зноў вырвецца на свет.

Айцу Анатолю, настаяцелю Груздаўскай царквы, нават адзін маскоўскі генерал з тутэйшых (яго маці з Насілава) абяцаў прывезці геалагічны прыбор, які можа вызначаць вадзяныя жылы пад зямлёй.

Мабыць, такіх прыбораў у Беларусі яшчэ няма, таму толькі на яго і надзея. Хаця я чуў ад дасведчаных людзей, што даўней беларусам не трэба было ніякіх прыбораў, а толькі пруток лазы ў выглядзе літары У. 

Лазы ў нас хапае аж занадта, а вось ці засталіся яшчэ ўмельцы, якія дакладна вызначаюць, дзе трэба капаць калодзеж, – пытанне. Хаця, акрамя ўмення, трэба яшчэ жаданне. І, хто ведае, можа знойдзецца калі чалавек, што палічыць за гонар узяцца за гэту справу ды давядзе яе да канца. Тым больш, што ёсць для гэтага нагода: сёлета на Пятра Груздаўскай царкве будзе 570 гадоў.

Гаючых водаў больш яна не гоніць

Другой па значнасці ў Маладзечанскім раёне з’яўлялася святая гаючая  крынічка каля сучасных Селеўцаў, у засценку Востраў. Ля яе ў ХVII стагоддзі была пабудаваная царква Успення Святой праведнай Ганны, мацеры прасвятой Багародзіцы.  Царкву ў 60 метрах ад крынічкі узвёў нейкі князь. Быццам бы ў знак удзячнасці яе водам, што вылечылі ад цяжкай хваробы яго жонку. Айцец Уладзімір, у прыход якога ўваходзяць Селеўцы, мяркуе, што гэта быў Станіслаў Кішка – ваявода Віцебскі, які пабудаваў у гэты час царкву ў Хоўхлаве.

Пасля меліярацыі зямель крыніца пачала ўсыхаць. У 1957 годзе бацюшка Валенціновіч расчысціў яе, уставіў тры бетонныя трубы, збудаваў зверху драўляны зруб калодзежа, навес.

У архівах захавалася дакладная запіска пра фэст з асвячэннем вады, які тут адбыўся 7 жніўня 1958 года. Да мерапрыемства ў царкве быў зроблены рамонт. На свята з Вільні прыбыў епіскап Лявонцій і яшчэ 50 святароў. 12 мясцовых узначаліў Маладзечанскі благачынны Аляксей Маеўскі. Была пятніца, перад уваходам у царкву выстраілася аж 80 урачыста апранутых школьнікаў з кветкамі, якія прапусцілі заняткі. А калгаснікі ў гэты дзень не выйшлі ў поле.

Усяго на фэст сабралася аж 3000 вернікаў, набажэнствы і асвячэнне вады ішлі з 10 да 16 гадзін.  Пасля той дакладной запіскі і зачынілі  Востраўскую царкву (апошняя служба адбылася 7 жніўня 1959 года), засыпалі і зруйнавалі калодзеж, на месцы якога цяпер калгаснае поле. Калі надараецца засуха, людзі беспамылкова вызначаюць месца, дзе калісьці была крыніца. Расліннасць на ім сакавітая, дужая.

Вернікі з Селеўцаў збі­раюцца цяпер на малебен у адной з хат. Але ёсць  планы ў сур’ёзных лю­дзей адбудаваць святыню. Ужо нават зрабілі фундамент пад будучую царкву і маюць намер адшукаць і расчысціць крынічку-калодзеж.

Крыніцы ля Крыніцы

Паселішчам ля самых крыніц давалі найменне Крыніца. Адсюль і назва адной з вёсак Мала­дзечанскага раёна, што прытулілася ля шашы на Мінск. Кажуць, што ў гэтым населеным пункце калісь нават струменіла рэчка з аднайменнай назвай. А ля яе дзесяткамі “кіпелі” крыніцы.

Тут здаўна ладзілі грэблі, на адной з якіх стаяў млын. У пачатку ХХ стагоддзя ў разводдзе грэблю прарвала і млын знесла.

Мясцовы жыхар Васіль Завадскі ведае ад сваёй маці, што адна з крынічак, якую называлі “кіпучка”, мела лекавыя ўласцівасці і людзі здалёк прыязджалі да яе за гаючай вадой. Знаходзілася яна злева ад цяперашняга мастка. Была глыбінёй па шыю. На дне крынічкі быў чысты жоўты жвірок, які «кіпеў». За Польшчай яе ўзялі ў бочку. Цяпер яна аказалася на дне става.

Першы з трох  штучных  ставаў у вёсцы Крыніца зрабілі пасля Другой  сусветнай вайны, як прыйшоў калгас. Удзел у справе прымалі ўсе вясковыя мужчыны, рабілі грэблю, каб было дзе пакупацца і рыбы палавіць. Стаў гэты напаўняла ажно 30 крыніц. І калі яго час ад часу спускалі, то за дзень вада зноў набіралася ў берагі.

Месца гэта, пакуль меліяратары не асушылі балота за вёскай, ніколі не замярзала. Цяпер зімой на лёдзе бачныя толькі тры прамыіны. А калі стаў спускаюць, то вада набіраецца ў яго толькі за месяц. 

“Гейзер” ля Верадова

Па дарозе на Верадова знаходзілася вялікае балота, дзе калісьці людзі касілі на сена асаку. У 70-х, калі на яго ўскрайку пачалася меліярацыя і бурэнне свідравін, дзве з іх вызначыліся як незвычайныя.

Пад ціскам вады трубы вырвала наверх, і з зямлі пачалі біць два фантаны. Вясковых дзяцей асабліва вабіў той, што быў большы. У зімовы час ён паходзіў на гейзер. Абапал краёў майстар-мароз рабіў незвычайнай красы скульптуры. Яны нагадвалі слупы, палацы, звяроў, дрэвы, людзей і лядовыя кветкі. Экспазіцыя мянялася штотыдзень.

Гэты фантан, наколькі помняць людзі, біў больш за 10 гадоў на вышыню каля двух метраў, а дыяметр вадзянога слупа быў дзесьці метра паўтара. Самыя адчайныя ку­паліся – прывабліваў пясчаны бераг, хаця ў вадзе было многа жалеза.

У 1987 годзе гідра­геолагі гэту свідра­віну затампа­навалі.

Вілейскія крыніцы

Адной  з самых шанаваных у вернікаў на Вілейшчыне была святая крыніца ў вёсцы Пахомава, да якой вернікі ішлі хрэсным ходам. У архівах Акадэміі навук захавалі­ся сведчанні, у якіх расказваецца, як атэісты з райкама змагаліся з народам.

Матэрыялы з архіваў атрымаў у свой час вілейскі краязнаўца Анатоль Рогач. Ён нават рыхтаваў сваю чарговую публікацыю на гэту тэму. Ды, на жаль, яна засталася незакончанай…

Цяпер гэтыя вёска, царква і крынічка не існуюць. Яны пад­палі пад затапленне ў ложа Вілейскага вадасховішча.

Расказваючы пра кры­ніцы нашага рэгіёну, нельга не ўспомніць кры­нічку ў вёсцы Бязводнае, што на Вілейшчыне. Яе гісторыя стала вядомая людзям дзякуючы ільянскаму краязнаўцу Уладзіміру Кажамяку.

Крыніцы ў Бязводным больш няма

Вада з крыніцы ў Бязводным была не проста цудоўная. Папіўшы яе, чалавек адчуваў прыліў сіл і здароўя. Нездарма Абадоўскаму пану Мечыславу Багдановічу, нягледзячы на тое, што быў чалавекам ашчадным і эканомным, ваду з гэтай крыніцы вазілі ажно за два кіламетры. Хаця вады ў Абадоўцах хапала. У пана меліся вінзавод, млячарня, сыраварны, кілбасны цэхі. Ткалі тут і палатно.

Шмат гадоў пілі людзі крынічную ваду. У фэст яе асвячалі. Бо быў у Бязводным на могілках праваслаўны храм. Толь­кі зруйнавалі яго праз нейкі час. А разам з храмам зламалі і каптаж над крынічкай. Цяпер на месцы яе ўтварылася сажалка.

Летам сцюдзёная, а зімой – цёплая

Трагічны лёс напаткаў святую крынічку і ў вёсцы Прынта. Струменіла яна па латку пад пра­васлаўным крыжам на высокім  беразе Нара­чан­кі. Людзі шана­валі яе. Казалі, што летам вада ў крыніцы была сцюдзёная, а ў зімовыя маразы здавалася цёплай. Насупраць крыніцы стаяла хата дзеда Багдановіча, які замаўляў ваду з яе і лячыў людзей ад усіх хвароб. Дапамагала гэта вада і жывёле. Таму ў дом да дзеда ішлі як у аптэку.

28 мая 1944 года, аку­рат у час блакады, над Прынтай з’явіліся ня­мецкія самалёты. Бом­бы пасыпаліся адна за другой. Гінулі лю­дзі, гарэлі хаты, за­няў­ся полымем і крыж над крынічкай. Дзед Багдановіч не бачыў, як гарэла яго родная вёска, за тры дні да гэтага часу ён памёр. А вось крыніцу пасля вайны так ніхто і не аднавіў.

Барунская крынічка

Больш за ўсё легендаў у нашым рэгіёне звязана са знакамітай крынічкай у Барунах і цудатворным абразам Маці Божай Барунскай. А легенды расказваюць гэткія (пачуў ад барунскіх вернікаў віляйчанін Сяргей Пуч­кін):

Мікалаю Песьляку з вёскі Казякаўшчына Езафат Бражыц з Менска перадаў  ікону. У 1691 годзе пасля таго, як гаючая ікона выратавала яго ад цяжкай хваробы і вылечыла паралізаванага сына, Мікалай Пясьляк меў аб’яву. Маці Божая ў сне папрасілася, каб занеслі яе ў Вільню да Маці Божай Вастрабрамскай. 

Як жа тут аслухацца. Тым больш, што і дарога знаёмая. Загарнуў вечарам абраз у льняную тканіну, паклаў у торбу. Раніцай падсілкаваўся ды пешшу рушыў у дарогу.

Прайшоў крыху, вы­рашыў адпачыць. Агарнула чалавека нейкая раптоўная слабасць і стома. Чуць даклыпаў борам да бальшака.  Гэта было ў лесе, акурат на скрыжаванні ад Казякаўшчыны да  аднаго са шляхоў на Вільню з Менска.

Прысеў пад грушай і нават прыснуў. У сне яму зноў з’явілася Маці Божая, якая сказала, што яны ўжо прыйшлі. Маўляў, пакідай абраз. Расплюшчыў ён вочы і хацеў даць лататы, ды праз лісце на яго глядзеў лік самой Маці Божай.

Што ж рабіць, не пакідаць жа ікону на зямлі. А крыж, каб павесіць яе, за дзесяць хвілін не зробіш. Зняў дзягу, адчапіў ад спражкі іголку. Вырашыў выкарыстаць яе замест цвічка. Ды не ўтрымаў, упусціў.

А тут якраз па дарозе ішоў у Вільню жабрак, нечым падобны да цыгана. Не азіраючыся, Мікалай папрасіў яго знайсці і падаць цвічок. Прахожы, хоць быў сляпы, паслухаў і стаў на кукішках разграбаць траву і лісце, каб адшукаць цвічок. Рукі наткнуліся на струменьчык вады. Прахожы абмыў твар і адразу знайшоў той цвічок. Павесіўшы абраз на дрэва, распачалі гутарку.

Абрадаваны прахожы пачаў дзякаваць гаючай сіле крынічкі і абраза. І расказаў, што шмат гадоў таму ён страціў зрок на вайне. Так і жыў у поўнай цемры, пакуль людзі не падказалі, што можна звярнуцца па дапамогу да Маці Божай Вастрабрамскай. А тут вось у лесе, у бары, здзейсніўся такі цуд, што не трэба і ў Вільню ісці. І стала гэта месца называцца Барунамі. І сталі натоўпамі ісці сюды людзі, каб прасіць у Маці Божай дапамогі і апекі.

У 1692 годзе праз Мікалая Песьляка тут быў пабудаваны драўляны храм.  Падчас наезду шведаў цудатворны абраз з 1702 года знаходзіўся ў Валожыне, у атрадзе гетмана Вялі­ка­га княства Літоўскага Міхала Вішнявецкага. Разам з атрадам абраз вандраваў і славіўся цудамі у Бярэсці, Пінску, Жмудзі. У 1709 вярнуўся ў Баруны, якія (1705 год) набылі прывілей мястэчка і дзе два разы ў ты­дзень ладзіліся базары, а на Пакровы і Сасланне Святога Духа – кірмашы.

У 1788-1808 гадах у Барунах будуецца  мураваны манастыр, а ў 1812 годзе французы яго ўшчэнт знішчаюць. Ад 1841 па 1919 год ў манастыры служаць праваслаўныя манахі, арганізоўваецца жаночая школа, у якой вучылі дачок праваслаўных духоўнікаў. Належала гэта школа Віленскай духоўнай семінарыі. А пазней, у 1903 годзе – «Найсвяцейшаму Сіноду Рускай Царквы» .

У 1919-м зноў была змена ўлады, а з ёй і канфесійнай сітуацыі.

Ашмянскі вікарый прымае памяшканні і распачынае перабудову і прыстасаванне да лацінскай літургіі. У 1923 годзе Барунскі касцёл атрымаў тытул “Святых Апосталаў Пятра і Паўла”.

Да крыніцы па ваду

Вельмі багатую гісторыю мае і найбольш папулярная ў жыхароў Лебедзева і Маладзечна крынічка ў 500 метрах за вёскай Лешна. У дакладной запісцы ўпаўнаважанага з камітэта па справах рэлігіі па Маладзечанскай вобласці, напісанай у 1958 годзе, адзначалася, што крынічка шануецца тутэйшым насельніцтвам каля 300 гадоў. Людзі сцвярджаюць, што вада з яе мае гаючыя ўласцівасці і дапамагае пры хваробе вачэй, лечыць язвы. Дапамагае і хворай жывёле.

Аднойчы людзі ўбачылі ў ёй адлюстраванне іконы Мацеры Божай, і з тых часоў крыніца стала лічыцца святой. Святкаванне каля яе праводзілі на дзесятую пятніцу пасля Вялікадня як праваслаўныя, так і каталікі.

 

Да крынічкі ў Лешне праз Аляксееў перавоз прыходзілі людзі і з правага боку Вяллі, пра што расказаўУладзімір Мамай з вёскі Трапалава Вілейскага раёна. Першымі паставілі там свой крыж каталікі. Упаўнаважанага вельмі ўразіла, што калі Вялікадні супадалі, то вернікі на дзевятую пасля яго пятніцу мірна ішлі хрэсным ходам разам.

Традыцыя гэта вельмі старажытная. Мабыць, як мяркуе беларускі навукоўца Э. Зайкоўскі, пачалася з дахрысціянскіх часоў і звязаная з ушанаваннем багіні-апякункі крыніц Мокашы, пазней – Параскевы-Пятніцы. У нашых продкаў некалі існавала павер’е ў 12 пятніц у годзе і адмысловы апакрыфічны (не зацверджаны царквой) пятнічны каляндар. Фэсты ва ўсходніх славян праводзіліся даўней ля крыніц у пятніцу, а ў чэхаў, немцаў, нарвежцаў – у чацвер.

Але маюцца ў гісторыі Лешненскай крынічкі і трагічныя старонкі існавання, якія сталі вядомыя дзякуючы архіўным матэрыялам, што здабыла Любоў Русакевіч.

Больш за 100 гадоў таму, а дакладней у 1904 ці 1905 годзе, стала яна замінаць царскім уладам. Па іх загадзе адзін вясковец спілаваў ля крынічкі крыж і ў хуткім часе памёр. Гэты выпадак размежаваў вернікаў. Каталікі сталі даводзіць, што крынічка належыць да іх канфесіі. Пасля ўлада змянілася, і ў 1920 годзе над крыніцай пабудавалі капліцу памерам 3х3 метры, зноў паставілі каталіцкі крыж, усталявалі кап­таж з бетоннай цамб­ра­вінай.

Пачалі добраўпа­рад­каваць і іншыя крынічкі. Усяго ў 1925 годзе ў гэтых месцах іх налічваліся ажно тры дзесяткі. Пасля з крыніц утварылася маленькая рэчка Лешна.

У 1947 годзе было забаронена рабіць шэсці да крыніцы, але каталікі перад святам Дзесятухі ўсё роўна збіраліся на фэст. Па ўспамінах Міхаіла Іванкевіча, да святой крыніцы ў Лешне на фэст у дзесятніцу некалькі найбольш набожных га­радскіх вернікаў ішлі на каленях ажно з Маладзечна. А сяляне з Лебедзева туды выпраўляліся з харугвамі ад касцёла.

Як паведамлялася ў дакладной запісцы таго ж упаўнаважанага, датаванай  1958 годам, на дзесятую пятніцу пасля Вялікадня сабралася на фэст ад 150 да 200 вернікаў. Пасля малебна яны набіралі ваду, кідалі ў крыніцу грошы.

Праз нейкі час кіраўніку калгаса было прадпісана луг каля прыбярэжнай паласы рэчкі ўзараць  аж да самай крыніцы і  знесці крыж, які быццам бы перашкаджаў апрацоўваць зямлю. Загад мусілі  выканаць. Крыж зноў спілавалі  і нават растапталі яго гусеніцамі трактара. Каптаж і каплічку знес­лі бульдозерам. Адбылося гэта дзесьці ў пачатку 60-х. І зрабілі гэта, як успамінае сведка вар’яцтва мясцовы жыхар той жа Міхаіл Іванкевіч, ноччу,  якраз  перад самым фэстам.

Ён вяртаўся  з вечарынкі і ўжо ў чатыры гадзіны раніцы не пазнаў святога месца – усе было разбурана. Кінуўся да хаты, пабудзіў бацькоў, суседзяў, ды ўжо было позна ратаваць.  Але праз які год крынічка зноў адрадзілася, пера­мясціўшыся толькі на двац­цаць метраў вышэй па ручаі. Як успа­мінае былы жыхар вёскі Гуроўшчына Пётр Варатынскі, яго бацька і браты тры гады запар аднаўлялі крыж, але яго зноў і зноў ламалі.

Толькі пасля таго як Беларусь атрымала незалежнасць, вернікі з Лебедзева, сабраўшы грошы, зноў добраўпарад­кавалі яе. Пенсіянеры Стані­слаў Валкевіч  і Уладзімір Дзюдзель, былыя калгасныя шафёры,   зрабілі каптаж, альтанку, паставілі побач каталіцкі крыж. Ёсць звесткі, што крынічку ў Лешне гадоў пяць таму асвячаў і праваслаўны святар.

Вернікі пачалі  адра­джаць святкаванні каля крыніцы. А ў будныя дні сюды  кожныя чвэрць га­дзіны пад’­язджаюць аўта­ма­шыны. Людзі набі­раюць ваду ка­ніс­тра­мі, вялікімі і малымі пластыкавымі бу­тэль­камі. Яна не псу­ецца па некалькі меся­цаў, хаця па гігіенічных патрабаваннях не гатаваную ваду ў ёмістасцях трэба захоўваць не больш за 48 гадзін. А  што датычыцца, напрыклад, дзіцячых садкоў, дзе асаблівы супрацьэпідэмічны рэжым, то раней гігіеністамі прадпісвалася ваду з ёмістасцяў мяняць ці гатаваць кожныя тры гадзіны.

На жаль, людзі, якія бяруць ваду з крыніцы ў Лешне, не шануюць гэта месца як святое, а прыязджаюць сюды як у дармавую лаўку. На стаянцы шмат акуркаў,   валяюцца пустыя пластыкавыя бутэлькі, пакеты, абгорткі, шалупінне ад семак. Смецце выкідаюць нават у ручай. Чаму так адбываецца – кожны і так разумее. Культуры не хапае. А каб прывесці ў парадак тэрыторыю, патрэбныя сродкі і людскія рукі. Знаходзіцца крынічка ў полі, за межамі населенага пункта, значыць – нічыйная. У вёсках наводзіць парадак сельвыканкам, у лесе – лясгас, у полі – СВК. А тут, ля ручая, – няма каму.

Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на добраўпарадкаванне такіх аб’ектаў сродкаў не выдзяляе. Застаецца толькі прымусова-адміністрацыйны рэсурс і газета. Бо, мусіць, многія нашы суайчыннікі выхаваныя так, што не ведаюць, што забруджваць крыніцы і зямлю вакол іх ва ўсіх еўрапейскіх народаў, а таксама і беларусаў, лічылася вя­лікім грахом. Бо, па меркаванні людзей, кры­ніца – гэта божае вока. А, можа, акрамя сумлення і выхавання,  патрэбная  нейкая грамад­ская арганізацыя па ўша­на­ванні крыніц ці клуб аматараў крыніч­най вады? Ці, можа, зрабіць гэту крыніцу платнай?

Лоская крынічка

Святой здаўна лічыцца і крынічка ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна. Людзі кажуць, што дапамагае яе вада ад высокага артэрыяльнага ціску, асабліва калі акунуцца ў купелі. А яна ў Лоску адмысловая, у выгля­дзе драўлянай капліцы з круглячка. Дно і сцены бетонныя. 

Вада ў купелі не застойваецца. Падаецца па трубачцы з вышэй размешчанай  крыніцы і адводзіцца па другой трубачцы ўніз, у рэчку. А на самай гары стаіць царква. Пабудавалі кап­ліцу па ініцыятыве айцаГенадзія, сродкі збі­ралі ўсім светам. Пры ўзвядзенні вылучыўся жыхар Лоска Іван Лука­шэвіч, які не шкадаваў ні сіл, ні свайго асабістага часу. Каплічку  асвяцілі ў 2000 годзе на  святога Панцеляймона. Наогул вада асвячаецца ў ёй двойчы: першы раз на Вадохрышча, у гэты ж дзень многія прыхаджане, сярод якіх і пенсіянерка Марыя Цярэшка, акунаюцца ў купелі. Другі раз – 14 жніўня на Макавея.

У дахрысціянскія часы дзень 14 жніўня свят­каваўся і нашымі прод­камі. І быў прысвечаны ўшанаванню багіні Мо­кашы, пазней яе замяні­ла блізкая па функцыях хрысціянская святая Па­раскева-Пятніца. Пры рэ­канструкцыі вобразу Мокашы, вучоныя прыйшлі да высновы, што яна лі­чылася жонкай Перуна і яе днём з’яўлялася пятніца (адсюль і паралель з Параскевай-Пятніцай). Абраз Пара­скевы-Пятніцы было пры­нята вешаць на калодзежы ці на дрэвы каля крыніц. На суседняй Украіне і на нашым Палессі існаваў звычай менавіта 14 жніўня ўпрыгожваць калодзе­жы кветкамі маку.

Паўсюдна на Беларусі, і ў прыватнасці ў вёсках, што размешчаныя каля Вяллі, а гэта Асіпавічы Вілейскага раёна, Сака­вічы Лагой­скага, мак ужывалі і ўжываюць пры абрадзе выклікання дажджу. Для гэтага ўдовыя жанчыны сеюць яго ў калодзеж (прынамсі сеялі і ў мой) і размешваюць  рытуальнымі кіёчкамі. Згодна з даследаваннямі вучоных, мак таксама суадносіўся  з багіняй Мокашы. Таму можна мер­каваць, што святая крынічка ў Лоску мае даўнюю старажытную гісторыю, якая налічвае не адну сотню гадоў.

Пра крыніцы каля Вяллі

Крыніцы знаходзяцца паблізу Сцёп-Каменя і Сасны Куліны пры вытоках Віліі каля вёскі Краснікі Докшыцкага раёна. Паводле аднаго з паданняў, аднойчы на Вялікдзень селянін Сцяпан на валах паехаў араць. Жонка Акуліна, якая прынесла абед, пачала сварыцца на яго за тое, што пачаў працу ў такое свята. Муж, напэўна, пярэчыў ёй. Бо, адыходзячы, жанчына пажадала: “Каб ты каменем стаў!” На што Сцяпан адказаў: “А ты, каб дрэвам стала!”

Сцяпан, яго вол і нават збанкі з-пад ежы сапраўды скамянелі, а жонка абярнулася ў хвою, якую называюць Куліна. Хвоя гэта расце недалёка ад каменя і цяпер. Падчас правядзення ў чэрвені 2007 года экспедыцыі па Віліі ў гонар 150-годдзя падарожжа графа Тышкевіча, мне з сябрамі давялося наведаць Сцёп-Камень. Уразіла, што ў нас на Беларусі засталіся язычнікі, захаваліся рытуалы. Камень быў абвязаны залатой ніткай, побач стаялі агаркі свечак, ляжалі прынашэнні.

Пры апытанні жыхароў вёсак, што раскінуліся ўздоўж Вяллі,  усе людзі аж да Мільчы ведалі пра гэта месца.

Кожны паважаючы ся­бе хлопчык, якому больш за 12 год, ужо па­быў ля Сцёп-Каменя і сас­ны Акуліны. Віной та­му, мясцовае павер’е. Лю­дзі кажуць, што калі пакахаў хлопец дзяўчы­-
ну безадказнай любоўю, то абавязкова мусіць ехаць па дапамогу да Сцёп-Каменя. Перад тым, як загадаць жаданне, камень трэба абысці тры разы па гадзіннікавай стрэлцы, а на кары са­сны напісаць алоўкам імя дзяўчыны, якую пакахаў. Вось і едуць туды хлопцы з надзеяй. Праўда, ці дапамагае гэта, ніхто так ні разу і не расказаў. Тым не менш, хачу звярнуцца да дзяўчат: не будзьце такімі прынцыповымі, а то хлопцы вострымі алоўкамі могуць садраць усю кару са ствала і загубіць сасну Акуліны.

 Самы першы масток праз Вяллю шырынёй паўтара метра з вёскі Вялікае Поле ў вёску Шыленцы, зроблены недалёка ад самога  вытоку. На правым беразе – хутар, ад гаспадыні якога мне ўдалося пачуць паданне пра самую першую з пачатку Вяллі капліцу, знесеную ў 60-х.

Святая Анеля і капліца

Драўляная права­слаў­ная капліца пад святым каменем была абсталяваная за агародам, бліжэй да ракі. Побач струменілі дзве крыніцы. Там віселі вялізныя абразы старога пісьма вышынёй па два метры. Усе людзі з навакольных вёсак і хутароў збіраліся ля яе па святах. Маліліся. А падтрымлівала тут парадак святая Анеля: мыла, падмятала, даглядала за кветкамі. Сваёй хаты ў яе не было, начавала па людзях, прапаноўваючы за дах над галавой і ежу памаліцца за іх здароўе. Думала гэта жанчына толькі аб выратаванні душы. Да цела адносілася строга. Мала ела, амаль увесь год пасціла, хаця людзі частавалі яе ўсім, што елі самі.

Яна ніколі не спала ў ложку, толькі на голай падлозе. Пры гэтым не распраналася, і ў той жа час заўсёды была акуратная, чыстая, недарма ж побач цякла Вялля. Перад Вялікаднем у чысты чацвер Анеля заўсёды акуналася ў вадзе да ўсходу сонца – каб цела і скура былі здаровыя.

У 60-я гады прыехалі сюды на бульбу студэнты. Разам з імі быў прафесар універсітэта. Пасяліўся
ён асобна. Усё хадзіў туды-сюды, пытаўся ў людзей пра іконы, пра камень святы. Людзі яму ахвотна паказвалі і расказвалі.

Жыў прафесар у маёй расказчыцы. Жанчына, каб не пакрыўдзіць сталічнага госця, пасяліла яго ў самым лепшым пакоі. Паклала і пярыну, і мяккія падушкі. Карміла смачна, амаль усіх маладых курэй перарэзала. Яна яму і мёд з тваражком падносіла, і бліны з брусніцамі, грыбочкі, самагоначку з чыстага жыта на стол ставіла. Усё думала, калі-небудзь дзяцей яе дапаможа ў жыцці прыстроіць.

Развітваліся з прафесарам па-людску, хораша. А праз тыдзень прачнулася жанчына – няма капліцы, адзін шкілет стаіць. Прыехалі нейкія людзі ноччу і ўсё разламалі, а сцены і багоў у Вілію выкінулі. “А адкуль вы ведаеце, што гэта прафесар быў”, – пытаюся ў гаспадыні хутара. “У вёсцы ўсе пра ўсіх ведаюць”, – кажа яна.

Асабліва плакала Анеля. Суткамі малілася над каменем, нічога не ела. Толькі вадзіцы з Віліі пап’е ды моліцца далей. Мужчыны ўжо вырашылі былі будаваць іншую капліцу, ды Анеля сказала, што не трэба ісці супраць улады, што ўпросіць яна Бога, каб абразуміў студэнтаў і выкладчыкаў, дараваў ім грахі і падштурхнуў адбудаваць каплічку.

Малілася Анеля на тым фундаменце над каменем цэлымі суткамі, дзень і ноч. Не спала і ела толькі тое, што хто падасць. А праз месяц кудысьці прапала, можа, пайшла ў лес паміраць. Адны кажуць, што бачылі яе ля Сцёп-Каменя і сасны Акуліны, другія – у Жыровічах, Вострай Браме. Але тут яе больш жывой ніхто не бачыў.

Можа так супала, але з таго часу не было ўжо каму маліцца за свой край і свой народ. Стала пусцець вёска, бо моладзь пацягнулася ў горад. Вяллю пасля гэтага меліяратары выпрамілі ў канаву. Прапала рыба, а людзі сталі піць гарэлку. І мужчыны, і бабы. Прычым не толькі па святах, але і кожны дзень.

Ніхто не пачуў малі­тваў Анелі і мясцовых людзей. Ніхто не адбудаваў каплічку. Ды што там казаць пра яе, калі, па словах гаспадыні хутара, нават царкву ў Вілейцы няма каму адбудаваць (у вёсцы Вілейка напалову разбураная Пра­абражэнская царква, узведзеная ў канцы 18 стагоддзя. Па стылі яна нагадвае ўніяцкую царкву. І, на маю думку, наўрад ці паддасца аднаўленню. Хаця, на думку вядомага кінааператара Вітаса Дамашавічуса, які вельмі шмат дзе пабыў і пабачыў, гэты храм яшчэ можна выратаваць).

Струменяць крынічкі

Яшчэ памятаюць людзі часы, калі Вялля, пакуль яе не выпрамілі,  сілкуючыся ў вярхоўях дзесяткамі  крыніц, не замярзала да вёскі Пагост нават у лютыя маразы.

Адной з самых зна­камітых крынічак у вяр­хоўях Вяллі з’яўляецца крынічка каля вёскі Мільча. Як расказаў ураджэнец гэтага населенага пункта Пётр Цыгалка, у 1914 годзе рускія салдаты пабудавалі над ёй драўляны зруб. Ваду ў крыніцы кожны год асвячае святар з царквы вёскі Мільча. Цяпер над крынічкай зруба няма.

Пасля меліярацыі дзейснымі засталіся каля дзесяці крыніц. Струменяць яны ў месцах зліцця Вяллі з Дзвіносай. Засталася крынічка на лузе, у 150 метрах ад ракі паміж Стахамі і Грышкаўшчынай. Толькі зімой, па праталіне, можна знайсці крынічку ў затоцы паміж Каменам і Бакунькамі.

Крынічка на левым беразе Вяллі ў Вілейцы (каля вуліцы Стаханаў­скай) вядомая і шануецца здаўна. Гадоў дзесяць назад начальнік Вілейскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзяАляксандр Альшэўскі вырашыў добраўпарадкаваць яе, заклаў у бюджэт сродкі. Ідэю падтрымаў дырэктар Вілейскага завода “Буддэталі” Сяргей Жук, выдзеліў матэрыялы, рабочых, бо сродкаў эколагаў, якія фарміруюцца таксама і з нашых падаткаў, не хапала.  Так і пабудавалі каптаж, альтанку. Перад тым як пачаць работы, праверылі якасць вады ў лабараторыі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Тады ў ёй утрыманне нітратаў, а рабіліся даследаванні летам, было 18 міліграм на дэцыметр кубічны. Норма – 45.

На жаль, якасць вады на сённяшні дзень там не гарантаваная. Бывае, што ў пробах знаходзяць завышанае ўтрыманне нітратаў.

За 100 метраў ад Белай Гары, што ў Вілейскім раёне (ёсць Белая Гара на Вяллі і ў Смаргонскім раёне), са старыцы, якая сілкуецца крыніцамі, выцякае ручай, што не замярзае нават у маразы. Жыхары Асіпавічаў, а таксама плытагоны, якія любілі начаваць у гэтым маляўнічым месцы, не раз наталялі сваю смагу крынічнай вадой, бо менавіта гэта была самая смачная вада ў акрузе.

Цяпер тут вада пачала застойвацца. І, на жаль, піць яе можна толькі пасля гатавання. Добраўпарадкаваная крынічка і зробленая над ёй купель з прыгожай каплічкай па ініцыятыве ляснічага прыгараднага лясніцтва Вілейскага лясгаса Сяргея Філістовіча. Змайстравалі яе лесні­кі-ўмельцы Віктар Ча­раповіч і Аляксандр Ра­маноўскі. У кап­лі­цы людзі з дачнага таварыства паставілі пра­васлаўныя абразы, змай­стравалі драўляны крыж. У гэтым годзе на Вадохрышча, 19 студзеня, нягледзячы на мароз, ля купелі ў Даманова сабралася шмат людзей, утварылася вялікая чарга ахвотных, якія з задавальненнем акунуліся ў ваду.

А каля крыніцы ў Вя­жуцях (правы бераг Вяллі), пабу­да­ва­лі са­на­торый-пра­фі­­лак­то­рый. Дарэчы, кры­ніч­ка там доб­ра­ў­па­рад­ка­ва­ная.

З-пад высокай гары перад вёскай Трапалава (левы бераг), струменіць чыстая вада ў возера-старыцу, якое злучаецца з ракой. Вядомыя дзве крынічкі ў двухстах метрах за Швядамі, як з правага, так і з левага боку Вяллі. Гадоў 20 таму пры зліцці Вяллі і Нарачанкі па берагах абедзвюх рэк на працягу 200 метраў налічвалася яшчэ пяць крыніц.

За сілікатным заводам і штучным возерам Белае, на правым высокім беразе Вяллі калі вёскі Карпеі, меліся шэрыя крыніцы. Іх было ажно 10. А ў народзе іх звалі “Чыстая вадзіца”. Насупраць крыніц, з левага боку, відаць курганы. Ніжэй моста са Смаргоні на Войстам і Вілейку таксама мелася крыніца, якую ведалі многія рыбакі. А лепшы сярод іх, плюс да ўсяго цікавы расказчык, інжынер сілі­катабетоннага завода ў вёсцы Міхневічы Аляксандр Касцючэнка. Яна яшчэ і цяпер дзейнічае каля Вайдзяняцкай дубровы, на левым беразе, 200 метраў ніжэй перакату, дзе любіў стаяць жэрах.

На левым беразе ніжэй Данюшава і дзесьці каля 70 метраў ад ручая-калектара Чорны Бор,  у які скідваецца ўмоўна чыстая вада з ачышчальных збудаванняў Смаргоні, таксама маецца крыніца. Ёсць яна і ў Маркоўцах, а таксама ў Пільцах. Абе­дзве крынічкі шануюцца людзьмі, а апошняя яшчэ карыстаецца папулярнасцю сярод турыстаў і рыбакоў.

Больш за ўсё крыніц пачынаецца каля Вяллі за Жодзішкамі. Як з правага, так і з левага боку зроблены каптаж ля крыніцы на пляжы, на левым беразе Вяллі, за паўтара кіламетра ніжэй Жодзішкаў. Вядомая і добраўпарадкаваная мясцовым лясніцтвам крыніца насупраць дзіцячага азда­раў­лен­ча­га лагера. Але самая вядомая з іх, дзе гадоў трыццаць струменіла з бетоннай трубы вада, знаходзіцца на правым беразе, перад касцёлам. Гады са два яна  перастала струменіць з латка, прарваўшы глебу побач. Добра было б яе неяк зноў добраўпарадкаваць.

Гэта месца ля крыніцы  добра вядомае турыстам яшчэ і таму, што на бетоне ля каптажу можна назбіраць вінаградных смаўжоў і паспрабаваць іх прыгатаваць. Чым не французская страва на прыродзе? Такія пры­сма­кі традыцыйна штогод робяць смаргонскія турысты-воднікі Сяргей Шышкоў, Мікалай Раманюк, Таццяна Каявец. Пачаставалі яны гэтай стравай на высокім беразе Вяллі ў Дубку і сваіх сяброў-турыстаў з Вілей­кі, Маладзечна,
Ашмян, Лагойска і Мін­ска, сярод якіх па­шча­сціла апынуцца і аўтару гэтых радкоў. Уражанне адным толькі словам “смаката” выказала турыстка з Маладзечна Тамара Канцавая. А калі наша сяброўка, турыстка з Астраўца Наталля Такарчук пад гэту страву дастала пляшку смачнага хатняга віна з чорных парэчак – то гэты звычайны па календары дзень ператварыўся ў свята душы і цела, з песнямі Таццяны Матафонавай, вершамі і гульнямі.  Больш, аж да Вільні, вінаградных смаўжоў на Вяллі не сустрэнеш.

Гадоў 30 таму ў Жодзішках, на правым беразе Вяллі, пачынаючы ад бальніцы і аж да моста, было каля шасці крыніц. Цяпер засталіся толькі дзве. Маладзе­ча­нец Зміцер Ве­дзень вырашыў заняцца добраўпарадкаваннем і цяпер збірае валанцёраў, каб талакой аднавіць каптаж крынічкі ў Жодзішках. Калі вы гатовыя ўзяцца за справу, падказваю кантакт: http://vedzen.narod.ru

У гэтыя выхадныя дні Алег Мізула з Жодзі­шак, супрацоўнік школьнага музея, краязнаўца і да таго ж адзін з самых таленавітых бар­даў Павілля, добра­ўпарадкаваў буйную крыніцу ў выглядзе прыроднай чашы дыяметрам каля двух метраў і глыбінёй 0.5 метра на левым беразе Вяллі каля вёскі Мель. Працаваў ён з цяперашнім ула­даль­нікам лецішча (былы хутар каля вёскі Мель) Анатолем з Мінска. Мужчыны выклалі берагі чашы каменем. Плануюць зрабіць альтанку, для якой ужо нарыхтавана дрэва.

Старыя калодзежы

Праз два кіламетры ад Мелі – вёска Ашмянец. Побач з ёй на правым  беразе Вяллі знаходзіцца стары калодзеж, выраблены з бутавага каменю. Старыя людзі, якія даўней штогод яго чысцілі, кажуць, што дно ў тым калодзежы высланае з дошак ясеня. Ёсць версія, што пабудавалі яго ў  Першую сусветную вайну немцы. Вада з калодзежа мае цудоўныя арганалептычныя якасці.

Cтары калодзеж заха­ваўся і ў вёсцы Выдрычы Маладзечанскага раёна, акурат насупраць сядзібы, якой больш за сто гадоў. Ён узведзены на месцы былой крыніцы, і што адметна: у гэтых двух калодзежах вельмі смачная вада, якая адпавядае гігіенічным патрабаванням.

Людзі яшчэ памятаюць калодзежы, зробленыя да вайны. Па пісьмовых звестках самым старым у нашым рэгіёне з’яўляецца Каралеўскі калодзеж, які нібыта выкапаў сам кароль Стэфан Баторы. Знаходзіўся ён у Камароўскім лесе, на Вілейшчыне.

У 1854 па вуліцы Нароцкай  у Вілейцы выкапалі глыбокую студню, з якой бралі ваду для пабудовы мураванай турмы. Студня знаходзілася ля падножжа гары, за 47 сажняў ад пляца, на якім будавалася турма, але дзе зараз гэтыя студні – невядома.

У Першую сусветную вайну рускія салдаты ў вёсцы Крыніца (справа ад цяперашняга моста) зрабілі студню. Мела яна драўляны зруб, навес, і кожны дзень ваду з яе вазілі ў бочках ажно ў Маладзечна, у штаб 10-й арміі. Гэта вада была вельмі якасная. І выкарыстоўвалі яе як для піцця, так і на кухні для прыгатавання ежы афіцэрам.

Людзі кажуць, што калодзеж у лесе каля вёсак Відзеўшчына і Уланаўшчына выкапалі вайскоўцы яшчэ ў вайну з Напалеонам. А ў вёсцы Раеўшчына захаваўся стары калодзеж з бутавага каменю.

За польскім часам у Маладзечне быў нала­джаны выпуск ліманаду. Цэх знаходзіўся метрах у 50 за двума ўсім вядомымі цаглянымі габрэйскімі дамамі, што стаць на павароце, як едзеш з мосту па Віленскай і зварочваеш налева на Вілейку. Дык маладзечанскія май­стры па пабудове калодзежаў, Паўлюк і Аляксандр, мусілі выкапаць, а потым закапаць аж тры калодзежы, пакуль, ужо ў чацвертым месцы, не знайшлі патрэбную па якасці ваду. І толькі тады каля кало­дзежа ўзяліся будаваць цэх. Як успамінае мала­дзечанец Васіль Завадскі, ліманад той быў вельмі смачны.

Нельга не паспытаць ваду з крынічкі і ручая Млынок, што на правым беразе Вяллі, амаль адразу за вёскай Ашмянец, дзе былі калісьці езуіты, якія ўпамінаюцца яшчэ графам Канстанцінам Тышкевічам у знакамітай кнізе “Вілія і яе берагі” паводле матэрыялаў экспедыцыі па Вяллі ў 1857 годзе. Гэты ручай і зараз утварае некалькі моцных крыніц на паляне  шырынёй 60 метраў.

Самая прыгожая крыніца – у Дубку

Хочацца адзначыць і самую прыгожую кры­ніцу на Вяллі ў Дубку. Яе ведаюць амаль усе турысты-воднікі па скульптурнай выяве Маці Божай смуткуючай, якая ўзвышаецца адна сярод нечапанага чалавекам лесу на левым беразе Вяллі. Стаіць на пастаменце, які ўзвышаецца на метры тры над вадой. З падножжа пастамента Маці Божай, дзе зроблены з камення грот, выцякае крынічка і ўпадае адразу ў Вяллю. З лодкі – гэта самы ашаламляльны від на ўсёй рацэ. Хаця не менш маляўнічыя карціны паўстаюць тады, калі ў час сплаву глядзіш на цэрквы ў Мільчы, Кастыках, Касуце, Рабуні, Вілейцы, Рыбаках, на  касцёлы ў Сцешыцах, Вілейцы, Данюшаве, Жодзішках, Міхалішках, Быстрыцы.

У першую нядзелю ліпеня ў Дубку адбываецца хрэсны ход і асвячэнне крыніцы. Хрэсным ходам людзі ідуць па Кальварыі (шляхам Ісуса Хрыста да Галгофы) уздоўж жывапіснага, высокага берага Вяллі, дзе крыніца з’яўляецца адной з сямі стацый. Ад капліцы і вёскі Дубок да крыніцы каля аднаго кіламетра. Частка шляху праходзіць праз лес, які падступіў да самых берагоў ракі. А заканчваецца хрэсны ход у апошняй стацыі каля мураванай брамы памерам 6 на 6 метраў,  у лесе, за 30 метраў ад Вяллі. Вежы брамы аздобленыя адмысловым узорам, які выкаваў з жалеза нейкі мясцовы каваль яшчэ да вайны, у 1936 годзе. 

Ад крыніцы да брамы – таксама амаль кі­ламетр уніз па рацэ. Напярэдадні свята ўсю сцежку па шляху вернікаў абкошвае ста­ра­ста вёскі Дубок Іосіф Верабей. Ён жа глядзіць за парадкам ля крыніцы і ў капліцы.  На свята ў крынічку жанчыны кладуць букецік палявых красак. У гэты дзень вада ў ёй вельмі смачная. Кажу не з чужых слоў. Пашчасціла паспытаць.

Калі захацець – многае атрымаецца

Камень, на якім зроблены надпіс на польскай мове ў гонар Дня Канстытуцыі 3 мая 1793 года, ляжыць каля святаянскай крыніцы паблізу старажытнага мястэчка Быстрыца Астравецкага раёна, якое  маляўніча раскінулася на левым беразе Вяллі. Тут жа стараннямі былога старшыні Троцінскага сельсавета Анатоля Ількевіча і ксяндза Уладзіслава Гжыгожэка адноўленая капліца і добраўпарадкаваная крыніца. Мне па­шча­сціла апошнія тры гады быць у Быстрыцы, сплаўляючыся ў экспедыцыях і паходах па Вяллі. Можа,  таму, што ў  гэта пагранічнае мястэчка доступ прышлых лю­дзей абмежаваны, а свае не крадуць, дно гэтай святаянскай крыніцы пакрытае меднымі і белымі манетамі, а вада мае адметны смак і гаючыя ўласцівасці. Як расказвалі старэйшыя жанчыны з Быстрыцы, крынічная вада мае карысныя ўласцівасці і дапамагла многім людзям  ад хвароб зроку.

А за Быстрыцай пра­ходзіць мяжа, пасля якой Вялля ператвараецца ў Нярыс. Паабапал абодвух берагоў ракі таксама струменяць крыніцы, што маюць сваю гісторыю і гаючыя ўласцівасці. Толькі пакаштаваць з іх вадзіцы, як гэта лёгка рабілі зусім нядаўна нашы дзяды і бацькі, ці то плытагоны, ці проста сяляне, што ішлі за пазыкай у Зямельны банк, ці вернікі, якія па святах накіроўваліся да Вострай Брамы, стала цяжэй. Паміж намі пралягла мяжа. Але немагчымага, як кажуць, няма. І калі моцна захацець, то можна ўсё. Яскравы прыклад таму – перамога народнай дыпламатыі добрасуседства пры падрыхтоўцы міжнароднай экспе­ды­цыі ў 2007 годзе “Ві­лія–Нярыс”. Тады прад­стаўнікі з рэгіёнаў, а гэта Віталь Кастэнка, Анатоль Рогач, кіраўнікі раённых уладаў з Вілейкі, Астраўца, Лагойска, Смаргоні і ў першую чаргу старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч і з боку Літвы прэзідэнт Саюза падарожнікаў Аль­гі­мантас Юцэвічус, су­працоўнік мэрыі Вільні Саўлюс Пілінкус, выкладчык санскрыта Ві­ленскага ўніверсітэта Віціс Відунас, эколаг Навіцкас Кестуціс зрабілі на рацэ “акно”. Па ім літоўцы змаглі сплавіцца па  Вяллі, а беларусы – па Нярысе.

Яе ахоўвае дзяржава

У лесе каля вёскі Губы Вілейскага раёна з-пад гары б’е крыніца, якая дае пачатак рэчцы Ментыні. Гэта крынічка ахоўваецца дзяржавай. У 2008 годзе  рашэннем Вілейскага райвыканкама быў зацверджаны гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння “Крыніца Святая вада”. На плошчы памерам  23 000 м2каля крыніцы забараняюцца любыя змяненні, якія парушаць эстэтычныя якасці і натуральны стан крыніцы; каптацыя выхадаў падземных вод на паверхню металічнымі і бетоннымі кольцамі, драўлянымі зрубамі; збудаванне артэ­зіянскіх свідравін і калодзежаў на прылеглых тэрыторыях для здабычы падземных водаў; будаўніцтва плацін і запрудаў на крынічным участку; змяненне рэчышча крынічных ру­ча­ёў, скід сцёкавых водаў; правядзенне ўсіх відаў меліярацыйных работ; змяненне натуральнага ўзроўню воднага гарызонту і гідралагічнага рэжыму; прагон і выпас жывёлы; загоннае паляванне і інш.

Помнік прыроды мяс­цовага значэння “Кры­ніца Святая вада” створаны для захавання ўнікальнага прыроднага аб’екта – групы крыніц, якія іграюць важную ро­лю ў гідралагічным ба­лансе прылеглай тэры­торыі.

У крынічна-ручаёвым комплексе знойдзеныя ві­­ды беспазваночных жы­вёл, якія раней не сустра­каліся на тэрыторыі Беларусі. Водны клешч Megapus nodipalpis var. tivdinae Sokolow, 1926, і ручайнік Beraea maura (Curtis, 1834). Да таго ж у крынічных водах плаваюць віды беспазваночных жывёл, занесеныя ў Чырвоныя кнігі шэрагу Еўрапейскіх дзяржаў (Венгрыі і Польшчы).

На тэрыторыі помнікаў прыроды знойдзены баранец звычайны (Huperzia selago), уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі (трэцяе выданне).

Людзі расказваюць, што калісьці ў гэтай крыніцы знаходзілі манеты ХІХ-ХХ стагоддзя. Гісторыя сведчыць, што звычай  ахвяроўваць частку здабытых у ваенных паходах скарбаў (манет, зброі) мелі яшчэ готы (гуды), якія тэрыторыю сучаснай Беларусі засялялі аж у пачатку нашай эры. Гэты звычай на нашай зямлі захоўваецца аж дзве тысячы гадоў. А да нашай эры, у насельніцтва неалітычнай культуры лейкападобных кубкаў, уплывы якой праніклі на захад Беларусі, існавала традыцыя: у якасці ахвя­рапрынашэнняў кідаць у прыродныя вадаёмы гліняны посуд, прылады працы. У асноўным гэта былі каменныя сякеры, бурштынавыя ўпрыгожванні, мяса дзікіх жывёл. Мой сябра Уладзімір Дубовік, ныраючы з маскай, знайшоў у Нарачанцы каля вёскі Слабада каменную сякеру. Так што, паважаныя, калі вам захочацца кінуць манетку на шчасце ў фантан ці ў возера, ад’язджаючы з санаторыя, то гэта ў вас у крыві з сівой старажытнасці.

Кідаюць манеты ў крыніцы ці кладуць каля камянёў, дрэў, на скрыжаваннях дарог і могілках і тыя людзі, што просяць збаўлення і спрабуюць адкупіцца ад цяжкай хваробы і нават родавага пракляцця. Таму, па павер’ях, нельга ніколі падымаць гэтыя грошы, каб не наклікаць на сябе ці радню хваробу ці яшчэ якое гора.

Народ расказвае легенды

Крыніца каля вёскі Панара на Смаргоншчыне таксама выцякае з-пад узгорка, які мае назву Царкоўе. Людзі лічаць, што там правалілася царква. Такая ж гара ёсць і ў старажытным Крэве. На ёй, па леген­дзе, была крыніца, дзе ледзь не ўтапілася пані з коньмі. Трапіўшы ў бяду, яна ўзнесла малітву да Бога і выратавалася, а потым на гэтым месцы пабудавала царкву. Няма ўжо ні той царквы, ні крыніцы, а назва засталася.

Дзве культавыя гары ў комплексах з крыніцамі вядомыя і на тэрыторыі Валожынскага раёна. У вёсцы Замасцяны расказваюць, што  некалі на гары стаяў княжацкі палац. Адзінага іх сына гадавала простая дзяўчына. Княжыч утапіўся ў рэчцы, якая працякала пад гарой. Дзяўчына ў роспачы пабегла да крыніцы, з якой выцякала рэчка, і закрыла яе патэльняй. Замест рэчкі стала бало­та. У народзе кажуць, ка­лі знойдзецца смяльчак, які дастане патэльню і адчыніць рэчку, то яго панясе і загубіць вада.

Каля вёскі Сіняя Гара на высокай гары пад назвай Сіняя, паводле падання, некалі стаяў замак, які з цягам часу праваліўся ў зямлю. У наваколлі людзі і сёння расказваюць, што там была крыніца. А назву Сіняя гара атрымала ад таго, што заўсёды дымілася. Можна думаць, што сапраўды ў язычніцкія часы тут быў нязгасны святы агонь.

Вада “жывая” і “мёртвая”

Акрамя Вяллі, адной з самых сакралізаваных рэк у старажытнасці, быў яе правы прыток Вільня. Апошняя назва, блізкая як да назвы воўны vilna (у міфах на воўне часта знаходзіцца змяя), так і літоўскага vilnus (хваля), а таксама да vieloti (звівацца). У той жа час усе гэтыя назвы блізкія да індаеўрапейскай асновы з uel – у значэнні “смерць”, “мёртвы” (Топоров, 1980). Выток гэтай рэчкі знаходзіцца на мяжы Беларусі і Літвы, каля вёскі Кемяна Ашмянскага раёна, ва ўрочышчы Шальціна (ад літоўскага saltines (крыніца). Пры раскопках, якія праводзіліся Зайкоўскім на беразе лагчыны, з якой выцякае рака Вільня, былі выяўленыя абломкі глінянага посуду, частка якога датуецца не пазней за ІV стагоддзе (самы ранні), а найбольшая адносіцца да сярэдзіны ці другой паловы І тысячагоддзя н.э. Сустракалася там і ганчарная кераміка позняга сярэднявечча. Знойдзеныя таксама гліняныя праселкі, старажытная жалезная брытва і прамавугольная тонкая пласцінка з каляровага металу з заклёпкай пасярэдзіне, вуголле. Верагодна, там існавала паганскае свяцілішча.

Хімічны аналіз вады з крыніцы паказаў, што гэта “выдатная сталовая вада”, якая па хімічным складзе блізкая да вады з вытокаў ракі Віліі. Дарэчы, вада з вытоку ракі Вільні, знаходзячыся некалькі гадоў у зачыненым посудзе, не псуецца. Паводле мясцовых паданняў, раней крыніца лічылася святой і вада яе ўжывалася як лекавая ад коклюшу, і ад хваробаў вачэй. Каля крыніцы стаяў Чортаў камень, і ў гэтым месцы вадзіліся чэрці і здані. А непадалёк быў яшчэ адзін камень з назвай Ведзьміна Печ. Людзі блудзілі тут. Лічылася, што гэта чорт іх водзіць. Але некаторыя сцвярджаюць, што бачылі каля крыніцы дзяўчыну з доўгімі белымі валасамі.

Памятаеце казкі, у якіх людзі хадзілі за трыдзевяць зямель, каб знайсці “жывую” і “мёртвую” ваду. Аказваецца, у нашым рэгіёне такая ёсць. У вёсцы Талуі Маладзечанскага раёна. З адной крыніцы там выцякае “мёртвая” вада, якую мясцовыя жыхары раяць піць нанач, а з другой – жывая. Яе карысна ўжываць раніцай.

Як мне паведамілі віляйчане Аляксей Лужынскі і Лідзія Слуцкая, у Беларусі яшчэ дзве такія крыніцы з мёртвай і жывой вадой ёсць толькі ў Панямонні – ля вёскі Валеўка пад Навагрудкам. Каля іх – камень у выглядзе піраміды. Даглядае кры­ніцы пустэльнік, які быў у Тыбеце, у ламы. Ён сцвярджае, што на зямлі месцаў з такой выразнай энергетыкай толькі дзевяць. Але нашы крыніцы пакуль што не даследаваныя ў гэтым сэнсе.

У дзесятую пятніцу пасля Вялікадня (на Дзесятуху) ходзяць да крыніцы у вёсцы  Палачаны  Маладзечанскага раёна. Да многіх  крыніц былой Віленскай губерні (Чарневічы Глыбоцкага раёна) ішлі на Купалле (на Яна). Скульптура Святога Яна стаяла раней пад навесам над крыніцай побач з царквой у мястэчку Рогава на Вілейшчыне.

У вёсцы Ракуцёўшчы­на адноўленая знакамі­тая крынічка, з якой ча­ставаўся вадой Ма­ксім Багдановіч. Вада з яе сапраўды смачная і адпавядае гігіе­нічным па­тра­­баванням. Добра­ўпа­радкуе кры­ніч­ку музей­ны работнікЛілія За­ліўская з Краснага.

Маладзечанская інтэ­лігенцыя сустракаецца там штогод 25 мая. У гэты дзень ладзіцца святочнае мерапрыемства, прысвечанае памяці пісьменні­ка. А ў канцы ліпеня ля крынічкі праходзіць рэспубліканскае свята паэзіі, якое ўзначальвае літаратурны музей Багдановіча ў Мінску. 

Па нашым рэгіёне, па Павіллі струменіць многа сярэдніх і дробных рэк, ручаёў, крыніц. Нямала азёр, вадасховішчаў, сажалак. Менавіта крыніцы даюць пачатак усім прыродным вадаёмам, сілкуюць іх і папаўняюць свежай вадой.

Адной з самых знакамітых сучасных крынічак на Маладзечаншчыне лічыцца крынічка на вучэбным палігоне электрасетак ва  ўрочышчы Чарскія Лукі. Добраўпарадкавалі яе па ініцыятыве дырэктара Маладзечанскіх электрасетак Сяргея Сарычава ў 1997 годзе. Пры ўзвядзенні каптажу вызначыўся Генадзь Космач. А ў 1999 годзе гэту крынічку асвяціў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Быў Філарэт ля яе і ў 2009 годзе. Пацікавіўся, ці зазначыў хто які цуд, ці стала дапамагаць вада людзям? У адказ пачуў сцвярджэнні, што вада з гэтай крынічкі, калі выпіць яе дастатковую колькасць, надае мужчынам патрэбную моц і  дапамагае бясплодным жанчынам не горш, чым санаторый.

Дарэчы, Сяргей Сарычаў свой першы каптаж на крынічцы пабудаваў яшчэ ў пачатку 80-х, калі быў старшынёй садовага таварыства “Зялёныя Узгоркі” ў Баярах. Мае ён як арганізатар і фундатар разам з былым старшынёй калгаса Пятром Атрошчанкам і Віктарам Пазняком самае непасрэднае дачыненне да арганізацыі пабудовы каптажу і альтанкі крыніцы ў Лешне. Прывозіў Сяргей Сяргеевіч у Лешна на асвячэнне крыніцы і праваслаўнага  святара з Маладзечна. За дапамогу ў аднаўленні цэркваў дырэктар Маладзечанскіх электрасетак узнагароджаны ажно 8 граматамі мітрапаліта Філарэта! Мае ён намер пабудаваць каплічку і ля каптажу ў Чарскіх Луках.

А вось у Куранцы добраўпарадкавалі крынічку па-над рэчкай Пэлай насупраць царквы па ініцыятыве старшыні сельсавета Віктара Уліцкага. Вада з гэтай крынічкі мае такія выдатныя смакавыя якасці – хоць разлівай у бутэлькі і падавай у элітныя рэстараны.

Лекавыя ўласцівасці мае вада з крыніцы ў Талуці. Шмат крыніц маецца ўздоўж рэк Вузлянка і Нарачанка. Лекавымі якасцямі валодае вада з пахам серавадароду каля вёскі Любоўшы. Пра гэтыя крыніцы лепш за ўсіх ведае краязнаўца з Любані Аляксандр Зайцаў. 

Смачная вада была калісь і з добраўпарадкаванай крынічкі на беразе Нарачанкі каля вёскі Каралеўцы, але, на жаль, некалькі гадоў таму крынічка  перастала струменіць.

Спадзяюся, вы заўважылі, што ў апошні час пачалося адраджэнне крыніц. А разам з імі і адраджэнне веры, па­чуцця любові да радзімы, сваёй мовы. Не толькі вернікі, але і культработнікі праводзяць ля крыніц розныя абрады. І ніхто ўжо не смяецца, не паказвае пальцам, не кажа, што гэта няправільна. Адбываецца аднаўленне  цэркваў, касцёлаў,  крыжоў ля вёсак. У гэтай справе дапамагаюць і кіраўнікі сельскагаспадарчых кааператываў (першымі ў па­чатку перабудовы па­чыналі гэта рабіць ў Беніцы, Мільчы, Сцешыцах, Нарочы У. Калачык, А. Апанасёнак, Ф. Касцевіч, Г. Кучко). За ўласны кошт, патраціўшы  спе­цыяльную прэмію прэзідэнта “За высокую духоўнасць і адраджэнне Бацькаўшчыны”,  у маленечкай лясной вёсачцы пад назвай Заброддзе, дзе “зімуе” толькі пяць жыхароў, збудаваў капліцу Барыса і Глеба, асвечаную патрыярхам Філарэтам,  мастак Барыс Цітовіч.

Стаяць разам два крыжы, каталіцкі і праваслаўны, каля вёскі Пяршаі ў Валожынскім раёне. У 2004 годзе ксёндз пяршайскага касцёла Робер Свідэрскі і айцец Кірыл з царквы ў Даўбенях ра­зам асвяцілі гэтыя крыжы. Дапамог іх вырабіць дырэктар СВК “Пяршаі” Яўген Скрундзь і прараб гэтай гаспадаркі Мар’ян Лапа. Многія машыны і нават аўтобусы збочваюць з шашы Мінск-Гродна, каб прачытаць вельмі філасофскі біблейскі надпіс каля гэтых крыжоў.

Вось і ўсё, што мне хацелася распавесці чытачам пра крыніцы і іх гісторыю. На вялікі жаль, тутэйшыя жыхары вёсак, носьбіты вуснай інфармацыі, адыходзяць з жыцця і з імі назаўсёды з нашай зямлі знікаюць, трапляючы ў небыццё,  факты і інфармацыя пра нашы святыя крыніцы, якія з’яўляюцца сакральным багаццем. Апусцелыя хаты набываюць дачнікі. І хай толькі летам, але ўсё ж поўняцца вёсачкі жывымі людзьмі. Шкада толькі, што нічога яны не могуць расказаць пра іх гісторыю, звычаі людзей, што жылі тут, жыватворныя крыніцы, рытуальныя дрэвы і камяні.

Многія гараджане любяць адпачываць на аб’ектах агратурызму. Ім патрэбныя не толькі лазня, гарэлка, музейны антураж з прасам на вуголлі, лямпа, сячкарні ды вазы з аглоблямі. Людзі хочуць пачуць цікавыя паданні, легенды, убачыць аб’екты, звязаныя з гістарычнымі фактамі і тымі ж святымі крыніцамі.

Таму не знікае надзея, што зноў паставяць крыж і адновяць каптаж, напрыклад, ля святой крыніцы Даўбучкі Сенькаўскага сельсавета, што па дарозе на старажытнае Крэва, і каля іншых, забытых святых крынічак.

Са старонак газеты я хачу звярнуцца да незнаёмых мне аднадумцаў: калі хто яшчэ што-небудзь ведае ад сваіх бацькоў ці бабулек пра святыя ці лекавыя крыніцы нашага рэгіёна, паданні пра іх утварэнне, фэсты каля крыніц, якія былі распаўсюджаныя “пры Польшчы”, першых і другіх саветах да 1947 года і нават да пачатку шасцідзесятых гадоў, то просьба дасылаць лісты і інтэрнэт-паведамленні  на адрас “Рэгіянальнай газеты”, з паметкай “9 крыніц”.

Не забудзьцеся таксама напісаць пра ініцыятараў аднаўлення крыніц, фундатараў і майстроў, што зрабілі каптажы. І, канешне ж, у год якасці будзем удзячныя за інфармацыю аб якасці вады з крынічак нашага рэгіёна. Вельмі важна апісаць, у які бок цячэ крыніца: на ўсход ці захад, поўдзень ці поўнач, па ходу сонца ці супраць.   

Вялікай пашанай карысталася вада, набраная з трох, а найлепш з дзевяці ці нават дванаццаці вадаёмаў. Якія ж нашы продкі былі лёгкія на пад’ём! Я, на шчасце, маю не зусім кабінетную  працу. Прыходзіцца кожны дзень мець зносіны з новымі людзьмі. Люблю вандроўкі па Павіллі, сустрэчы з сябрамі і знаёмымі, новыя знаёмствы і, шчыра кажучы, не кожны год маю магчымасць пакаштаваць вадзіцы з 9 ці 12 крыніц, хаця ніколі не мінаю такой магчымасці.

Міхаіл МІХАЛЕВІЧ.

Фота забяспечана Міхаілам МІХАЛЕВІЧАМ.  

(805)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели