«Какая Божья благодать – самой икону вышивать!»

Размещено Май 19, 2013 в Клир и Мир | Комментарии (0)

«Какая Божья благодать – самой икону вышивать!»

04.01.2013 

«Не замыкайцеся ў сабе, знайдзіце справу па душы!» — дае параду людзям «залатога веку» былая настаўніца з Мясаты Ганна Іванаўна Шамшур, якая бісерам вышывае іконы і карціны, піша вершы.
— Нягледзячы на тое, што асноўныя гады маёй работы прыпалі на савецкія часы, калі забаранялася хадзіць у царкву, у душы я заўсёды верыла ў Бога, — шчыра прызнаецца Ганна Іванаўна. – Пісала, як і ўсе  настаўнікі, планы па атэістычным выхаванні, але на ўроках старалася абыходзіць гэту тэму. Памятаю, з якім душэўным трапятаннем хадзіла ў дзяцінстве за тры кіламетры з Брускаўшчыны ў Хажоўскую царкву асвячаць вербачку. Душу перапаўняла пачуццё, што гэта самае важнае ў жыцці. А з якой радасцю збіралі-
ся жыхары Мясаты на Ушэсце: заўсёды да яго мне шылі новую сукенку, упляталі новыя стужкі ў косы. Не забыць смаку салодкіх пеўнікаў, што прадаваліся ў нас толькі на гэта свята. Як і водару маміных пірагоў на Каляды… Я вырасла ў Брускаўшчыне, замуж выйшла на радзіму маці – у  Мясату. Пазней мы купілі маме дом у Красным, непадалёк ад царквы. Еду да яе — абавязкова ў храм заходжу…
Тры гады таму Ганна Іванаўна паехала да сяброўкі ў Мінск, каб павіншаваць яе з днём нараджэння. А тая паказала ёй вышытую бісерам ікону. «Як убачыла яе, не магла дачакацца, пакуль пройдзе ноч і адкрыецца магазінчык, дзе можна купіць набор для вышывання», — з усмешкай успамінае рукадзельніца.
З таго моманту і пачалося захапленне, якое прыносіць ёй столькі радасці: «Гэта такая асалода – адчуваць, што ў цябе атрымліваецца, бачыць, як работа ідзе спарней. Магу да дзвюх гадзін ночы прасядзець ці ў чатыры раніцы ўстаць, каб больш было часу на вышыванне».
На стварэнне невялікай карціны патрэбны месяц, а больш маштабнай – і два, і тры. Светлы прасторны дом сям’і Шамшур паступова ператвараецца ў выставачную залу: на ўсіх сценах – работы гаспадыні. Найперш яна падвяла нас да свайго іканастаса – прадмета асаблівай гордасці. У ім тры іконы – Ісуса Хрыста, Божай Маці і Мікалая Цудатворца. Адну сцяну ўпрыгожвае ікона Пакрова Божай Маці, другую – Казанскай Божай Маці, у свята якой нарадзілася ўнучка Ангеліна. Для яе бабуля і вышыла гэту прыгожую ікону. А затым – яшчэ адну, якую падарыла царкве Нараджэння Хрыстова ў Маладзечне. Як акуратна выкананы работы! Не адарваць вачэй ад пераліваў чэшскага бісеру, ад спалучэння колераў! Нават цяжка ўявіць, якая гэта карпатлівая праца – прышыць на патрэбнае месца некалькі тысяч бісерынак, каб атрымалася такая прыгажосць. Лікі, рукі святых не вышываюцца – у іх нельга калоць іголкамі. У спецыяльных наборах гэта прадугледжана, і яны намаляваны на паперы. Кожная ікона абрамлена шыкоўным багетам, што надае ёй завершанасць, святочнасць. На споведзі Ганна Іванаўна кожны раз просіць благаславення на вышыванне ікон, і свяшчэннаслужыцелі з радасцю даюць яго на гэту богаўгодную справу. А калі садзіцца за работу,  жанчына абавязкова чытае малітву «Перед началом всякого дела». 
У мінулым годзе Ганна Іванаўна стала лаўрэатам абласнога свята «Калядныя званы» ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць». З вялікай любоўю прачытала яна падораную ёй кнігу «Дарогамі праваслаўнай царквы».

 


Ганна ШАМШУР
Вышивая икону Господа
Душа ликует и поёт:
Мне сам Господь явился.
Он снова по земле идёт, 
Где столько лет 
трудился!
Твой светлый образ 
донести
Хотелось бы в работе,
И каждый миг себя вести
Не в лености – в заботе.
Всем бескорыстно 
помогать,
Красивых слов не надо.
Больного важно 
посещать – 
Вот для души награда.
Вниманье деткам 
уделить,
Любой вопрос услышать.
И радость вместе 
разделить,
И боль в глазах увидеть.
… Такая радость 
появилась,
Когда икона вышивалась.
Какая Божья благодать – 
Самой икону вышивать!

 

 


У яе калекцыі не толькі іконы. Дачка Наталля ўгаварыла маці ўзяцца і за карціны. Радуе вока адна з іх — «Калядная казка». Заснежаныя сялянскія домікі, за імі — цэркаўка, мосцік праз рэчку нагадваюць Мясату. «Падару гэту карціну сыну Сяргею, які 18 гадоў жыве ў Амерыцы, у штаце Маямі. Там зімы не бывае – дык няхай яна нагадвае яму пра маразы ды снягі на радзіме», — з любоўю гаворыць Ганна Іванаўна. Шэсць гадоў таму яна лятала да сына і ў Амерыцы наведвала праваслаўную царкву, нават схадзіла там да споведзі. Расказвае, што старэйшы ўнук Генадзь нарадзіўся 7 студзеня, на Каляды, сёлета яму спаўняецца 18 гадоў, а малодшы з’явіўся на свет у дзень памяці святога Гаўрыіла, у гонар якога яго і назвалі.
Перадала сыну і дзве іконы Божай Маці. Для дачкі Наташы нядаўна завяршыла карціну «Лебядзіная песня». Выяву анёла-ахоўніка павезла з сабой у Італію пляменніца Раіса. «Шмат для каго хачу вышыць іконы», — дзеліцца планамі майстрыха і просіць у Бога, каб прадоўжыў яе дні і яна паспела зрабіць падарункі ўсім дарагім людзям. Яна дзякуе Усявышняму за сваю сям’ю, за цудоўнага мужа Анатолія Мікалаевіча – дбайнага гаспадара, вельмі добрага чалавека, з якім пражылі ў згодзе 40 гадоў. Вельмі рада, што следам за ёю пачалі вышываць іконы яе аднавяскоўкі, знаёмыя. Сярод іх — Марына Апяцёнак, яе маці і цёця, Ганна Хомчык, дачка якой жыве ў Маскве і, добрая душа, калі едзе на радзіму, штораз прывозіць мясоцкім рукадзельніцам наборы для вышыўкі.
Адкрыты і ветлівы чалавек, Ганна Іванаўна рада падзяліцца з кожным і сакрэтамі рукадзелля, і жыццёвымі парадамі. А яшчэ яна складае вершы, з’яўляецца ўдзельніцай народнага абласнога клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца». Яе творы надрукаваны ў калектыўных зборніках «Мне рамонкі цалуюць калені», «Таленавітыя разам».  
Больш чым 40 гадоў настаўніцкага стажу ў Ганны Іванаўны. Яна выкладала рускую, беларускую мову ў Гранічах, Красным, Мясаце, чатыры гады была дырэктарам мясцовай школы, на пенсіі працавала выхавальніцай у гарадскім дзіцячым садзе №8. Старалася даваць дзецям не толькі веды, але вучыла іх любіць жыццё і людзей, быць добрымі. «Што такое дабро? Гэта калі ты робіш нешта для людзей і не думаеш, што атрымаеш узамен», — лічыць яна. 
Час паказаў, што вучні засвоілі яе жыццёвую навуку. Адзін з іх, Алег Калюшчанка, даўно жыве ў Канадзе. Калі бывае на радзіме, заўсёды заходзіць да сваёй настаўніцы, а на падораным ёй фотаздымку сваёй сям’і напісаў: «Дзякую, што вы дапамаглі мне адбыцца як чалавеку!»  
Пагадзіцеся, такія словы дарагога вартыя…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота Аляксея ПЛАТКО.

http://www.mgazeta.by/life/znat/2762-l——r

 

 

(40)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели