Сацыяльна-культурныя праекты праваслаўнай моладзі

Размещено Май 20, 2014 в проекты Светоча | Комментарии (0)

Сацыяльна-культурныя праекты праваслаўнай моладзі

Л.І. Сысун, П.М. Сапоцька

Духоўна-патрыятычнае аб’яднанне «Светач»

ДУ “Палац культуры г. Маладзечна”

 

Сацыяльна-культурныя праекты праваслаўнай моладзі

як інструмент фарміравання крэатыўнага асяроддзя рэгіёнаў

(на прыкладзе Духоўна-патрыятычнага аб’яднання «Светач»

Палаца культуры г. Маладзечна)

 

 

У сучасных рэаліях, якія характарызуюцца сацыяльнай трансфармацыяй грамадства, яго эканамічным ростам,  тэхнічным прагрэсам, ростам уздзеяння сродкаў масавай інфармацыі, пранікненнем заходніх ідэалаў, дамініраваннем псіхалогіі спажывання, арыентацыяй на задавальненні і прэстыж, прапагандай сэксуальнай уседазволенасці, пашырэннем віртуальнай жыццёвай прасторы і скарачэннем сферы жывых душэўных зносін, што вядуць да негатыўных наступстваў, важнае значэнне набывае дзейнасць, накіраваная на фарміраванне творчай прасторы, у якой ствараюцца ўмовы для выхавання, развіцці і самарэалізацыі маладых людзей, дзе яны змогуць годна ўвасобіць у жыццё свой творчы і інтэлектуальны патэнцыял, выступіць стваральнікам якога-небудзь культурнага прадукта. Падобна таму, як эканоміка не можа існаваць па-за канкурэнцыяй і розных формаў уласнасці, так і культура і грамадства ў цэлым не ў стане аптымальна функцыянаваць без наяўнасці «крэатыўнага» асяроддзя, у якім нараджаюцца творчыя ініцыятывы і рэалізуюцца сацыяльна-культурныя праекты.

Нароўні са шматлікімі некамерцыйнымі арганізацыямі – грамадскімі аб’яднаннямі, фондамі, асацыяцыямі, саюзамі і г.д. – вялікі ўнёсак у станаўленне крэатыўнай прасторы беларускіх рэгіёнаў уносяць клубныя фарміраванні розных устаноў культуры нашай краіны. Адным з іх з’яўляецца Духоўна-патрыятычнае аб’яднанне «Светач» Палаца культуры г. Маладзечна – адна з лепшых пляцовак для творчага развіцця, усталявання новых знаёмстваў і стварэння цікавых праектаў.

У Маладзечне, багатым на таленты і людзей, неабыякавых да ўсіх праяваў жыцця, аб’яднанне «Светач» аб’яднала вакол сябе шматлікіх маладых і ініцыятыўных асоб рэгіёна.Многія з іх пасля сталі студэнтамі прэстыжных беларускіх ВНУ:   Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М. Танка і іншых, працуюць у шматлікіх установах культуры, адукацыі, навукі, сродках масавай інфармацыі Беларусі. Некаторыя набылі званні лаўрэатаў і стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Маральнае выхаванне маладога пакалення было і застаецца галоўнай умовай захавання духоўнага і фізічнага здароўя нацыі, таму дамінантным кірункам дзейнасці аб’яднання з’яўляецца праца з моладдзю. Сацыяльная дэградацыя пачынаецца тады, калі трасфарміруецца духоўная культура грамадства, змяняюцца яго каштоўнасныя арыенціры.

Дыялог Праваслаўнай царквы і моладзевай аўдыторыі сёння становіцца полем для пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні, глебай для будаўніцтва ў свядомасці маладых людзей моцнага духоўнага падмурка, на якім можна ствараць надзейны будынак уласнага жыцця і жыцця сваей будучай сям’і.

Для сучаснага этапа развіцця грамадства характэрны шэраг негатыўных тэндэнцый: рост грамадзянскіх шлюбаў і іншых яго формаў (сезонныя, бяздзетныя, групавыя, адкрытыя, фіктыўныя, віртуальныя і г.д.), вялікая колькасць абортаў (больш 60% ад колькасці дзяцей, якія нарадзіліся жывымі [1, с. 67), што негатыўна адбіваецца на ўзнаўленні насельніцтва і на рэпрадуктыўным здароўі жанчын, зніжэнне нараджальнасці, высокі ўзровень разводаў (на тысячу шлюбаў прыходзіцца 600 разводаў [1, с. 65]), рост колькасці дзяцей-сірот пры наяўнасці бацькоў і дзяцей, пакінутых без аднаго з бацькоў у выніку развода, нараджэнне дзіцяці прыносіцца ў ахвяру кар’еры, імгненнага поспеху і ўласным задавальненням. Сур’езнай праблемай з’яўляецца злоўжыванне алкаголем, забойствы і суіцыды.

Усё гэта нароўні з павелічэннем разрыву паміж пакаленнямі, фізічным і маральным перанапружаннем, фарміраваннем маладога пакалення пад уплывам негатыўных арыенціраў і каштоўнасцяў вядуць ды сацыяльнай трансфармацыі і дэградацыі інстытута сям’і.

Пры гэтым узрастае роля рэлігіі ў грамадстве. Традыцыйна высокія рэпрадуктыўныя нормы замацаваны ў рэлігійных канонах. Практычна ўсе рэлігіі свету лічаць шлюб святым, развод немагчымым, аборт прыраўноўваюць да забойства. Такім чынам, чым вышэй уплыў рэлігіі ў грамадстве, тым вышэй нараджальнасць у краіне [2, с. 255].

Час дыктуе свае ўмовы, супрацьстаянне дабра і зла, інфармацыйная вайна, аб’яўленая маладому пакаленню праз сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі, вымушала падыходзіць да рэлігійнага рэнесансу вельмі абачліва і далікатна. І каго, як не маладых, пачуе сама моладзь. Таму ў  2008-2010 гадах  у рабоце клуба “Светач” быў зроблены асаблівы ухіл на тэматычныя сустрэчы з моладдзю ў рамках духоўных лекторыяў  “Біблія і мы”, “За Бібліяй услед”, “Біблія як помнік культуры”. “Аб мужнасці і Божай славе”, “Што значыць любіць Радзіму?”, “Прыгажосць выратуе свет, калі яна добрая”, “Да чысціні прыроды – праз чысціню душы”, “Здароўе – не раскоша”, “Вакно ў свет Евангельскіх ісцін” (аб прытчах),   аздабляліся  мастацкімі нумарамі, чытаннем, відэаматэрыяламі. Сустрэчы на тэму сектанства, негатыўных з’яваў у маладзёвым асяродку пачалі ладзіць разам з аддзелам па рабоце з моладдзю Палаца культуры.  У шчырай размове з падлеткамі і студэнтамі бралі  ўдзел нарколагі, псіхолагі, прадстаўнікі сацыяльных, праваахоўчых, грамадскіх арганізацый. Гасцямі і удзельнікамі сутрэч нярэдка былі маладыя вучоныя з Акадэміі навук Беларусі і маладыя па гадах, але адукаваныя настаяцелі храмаў Маладзечанскага благачынія,  з Мінску і нават  суседняга Вілейскага раёна, настаўленні якіх прыязна успрымала моладзь.

“Свяціць і промнямі сваімі саграваць” – дзейсны дэвіз сяброў клуба  і словы з гімна духоўна-патрыятычнага аб’яднання, якія не даюць заспакойвацца, заставацца раўнадушнымі да ўсяго, што адбываецца навокал. Актыўны ўдзел прымаюць сябры клуба “Светач” ва ўсіх духоўна-асветніцкіх мерапрыемствах,  што ладзяца ў  рэгіёне,  Палацы культуры. Адкрыцці выставак іканапісу, падрыхтоўка перадач на радыё і газетных матэрыялаў, удзел у духоўных навуковых канферэнцыях, семінарах, вучэбных праектах па абмену вопытам, паломніцкіх вандроўках па святых месцах сваёй краіны і за яе межамі. Добрай традыцыяй і  неабходнасцю душы сталі паездкі на бяседы з настаяцелем Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску протаіерэям Андрэям Лемяшонкам, па блаславенні якога ў 2010 годдзе пры аб’яднанні “Светач” пачаў працаваць факультатыў «Вяртанне да сябе – вяртанне да Бога”.Стварэнне факультатывабыла выклікана неабходнасцю дапамагчы атрымаць джругое дыханне жанчынам забяспечаных, станоўчых сем’яў, якія выгадаваўшы дастойных дзяцей, раптам адчулі нейкую пустычу ў душы. Шмат каму прыйшлося дзеля выхавання дзяцей ахвяраваць кар’ерай, мяняць прафесію, няроэдка зусім развітацца з працай, дзеля дабрабыту у сям’і. Аб’яднала жанчын сяброўка “Светачы” — таленавіты дызайнер, творчы і неабыякавы да ўсіх праяваў  жыцця чалавек   Людміла Хрол. Пачалі ладзіцца ў клубе сустрэчы з цікавымі землякамі, прагляды і абмеркаванне кінастужак на тэмы духоўнага жыцця, дабрачынная дзейнасць і шматлікае іншае. Сення гэта праца стала часткай праграмы “Міласць сэрца”.

“Абяры сабе жыццё, каб жыць!”. Гэтыя словы прарока Майсея сталі лейтматывам шматлікіх маладзёжных ініцыятыў і праектаў вучнёўскай моладзі.  Актыўную пазіцыю ва многіх з іх  займае  клуб “Дыялог +”, які вядзе пры Маладзечанскім Дзяржаўным музычным каледжы вопытны псіхолаг, актыўны сябра клуба “Светач” Марына Валасковіч. Клуб з’яўляецца сваеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай і творчай лабараторыяй для апрабацыі крэатыўных  форм адпачынку моладзі, самарэалізацыі, душэўнай размовы ад чалавека да чалавека. Дзякуючы актыўнай місіянерскай дзейнасці арганізатараў такіх дыялогаў, вопыт пераносіцца ў маладзёжныя аўдыторыі іншых навучальных устаноў не толькі Маладзечна, але і рэгіёна, выкарыстоўваецца ў ідэалагічнай рабоце і ўстановамі культуры пры правядзенні  мерапрыемстваў выхаваўчага характару.  Супрацьстаяць негатыўным з’явам і настроям у маладзёвым асяродку імкнецца сама моладзь, актыўна  разважаючы на тэмы: “Любоў – не любоў”,  “Навошта жыць?”. Жывы водгук знаходзілі ў сэрцах маладых мерапрыемствы з цыкла “Лабірынты кахання”, дамінантай якіх была ідэя чысціні адносін, сапраўдных чалавечых пачуццяў, пошука Бога ў сваёй душы.

Выклікала жаданне сустракацца надалей,  арганізаваная ў Палацы культуры тэматычная дыскатэка “Моладзь абірае жыццё!” з удзелам рок-гурта “Росы”, рэпертуар якога глыбока патрыятычны і ўдумлівы, тэматычным кінапаказам, галоўнымі героямі якога былі протаіерэй Андрэй Лемяшонак і вядомы рок-музыкант Ігар Шаўчук. Псіхалагічныя тэсты, анкетаванне на балючыя тэмы сённяшняга жыцця маладых  не проста ставілі няпростыя пытанні: “З кім ты? За кім ты? І што за табой?”. Аналіз гэтага і  падобных мерапрыемстваў паказаў, што моладзь гатова дзейнічаць, служыць, дапамагаць таму, хто побач і пакутвае ад сваіх згубных звычак.

Штогод у Маладзечне праводзіцца конкурс творчых ініцыятыў “Час жыць”. Праект уяўляе сабою шматвектарную сістэму, якая ўключае ў сябе не толькі інфармацыйна-асветніцкую працу з моладдзю, але і стварэнне ўмоў для праявы і падтрымкі моладзевых праграм, добрачыннай, валанцёрскай дзейнасці, духоўна-асветніцкай і псіхапрафілактычнай работы з аднагодкамі. Мэты конкурсу – духоўна-маральнае аздараўленне маладзёвага  асяроддзя, прафілактыка крызіснага стану і суіцыдаў, стварэнне ўмоваў для знаёмства,  супрацоўніцтва і сумеснай творчасці маладых людзей, якія знаходзяцца ў жыццёвым пошуку.

Тэмы творчых работ першага конкурсу, які праходзіў у маі 2011 года,  былі прысвечаны праблемам сэнсу жыцця і кахання, дабра і праўды, веры і надзеі, сумлення і прыгажосці і г.д. Конкурсы праводзіўся па наступных намінацыях: выяўленчае мастацтва (фатаграфія, малюнак, жывапіс, перфоманс), музычнае мастацтва (вакал і харэаграфія), літаратурная творчасць (паэзія, проза, драматургія, эсэ), тэатральнае мастацтва.

Яшчэ адна важная тэма – адносіны да брака і сям’і. Але скажэнне і страта сэнсу многіх, здавалася б непахісных, вечных паняццяў як шлюб, сям’я, непакоіць сёння не толькі бацькоў. Усё большую трывогу, адказнасць адчуваюць і настаўнікі, выхавацелі моладзі. Бо не   толькі гадаваць, а і выхоўваць хутка не будзе каго. І  жаданне ісці далей і насустрач моладзі, занепакоенасць яе разгубленасцю ў сённяшнім вірлівым свеце, асабліва ў жыццёва важным пытанні — захаванні цэласнасці душы, стварэнні сям’і, як правобраза рая на зямлі,   выклікала неабходнасць пачынаць размову аб гэтым на самым высокім, дзяржаўным узроўні. У летку 2010 года у Маладзечне, адным з першых гарадоў Беларусі стартавала Рэспубліканская праграма Міжнароднага фонду «Сям’я – Яднанне – Айчына», якая прыцягнула вялікую ўвагу жыхароў горада.  Цікавыя сустрэчы, крэатыўныя тэатральныя пастаноўкі на балючыя тэмы сучаснасці, сапраўднае адзінства думак і памкненняў арганізатараў з сталіцы і гаспадароў свята уражвала.

Выкладчыкі нядзельнай школы пры храме Георгія Пабеданосцы – сябры клуба “Светач”, разам з юнымі навучэнцамі, падрыхтавалі цікавы літаратурна- мастацкі праект “Людзі і пінгвіны”.  Гэта стала сваеасаблівай справаздачай трохгадовай місіянерскай дзейнасці, асветніцкай і канцэртнай з дзецьмі,  дапамогі маладому святару храма Георгія Пабеданосцы ў арганізацыі царкоўнага хору,  актывізацыі студэнтскай моладзі ў справе будаўніцтва храма.

Падрыхтоўка друкаванай прадукцыі, спецвыпуска газеты Палаца культуры “Авацыя” да свята сям’і, прадстаўленне клубнага аб’яднання  і ўдзел у вялікім канцэрце землякоў-творцаў “В душе всегда живёт надежда”,  які трансліраваўся на праваслаўным канале “Саюз”, надалі аптымізму  удзельнікам клуба. І наступны навучальны  год, як асноўная, была абрана тэма лекторыя “Беларусы і сям’я”.

Зацікаўлены былі ў гэтым і педагогі, выхавацелі студэнцкіх інтэрнатаў, дзе ў адрыве ад бацькоў пачынаюць сваё самастойнае жыццё 15-16 гадовыя юнакі і дзяўчаты, якія прыязжаюць вучыцца ў чужы горад. І такая вольніца пачынаецца, хоць вочы завязвай. Тэмы лекторыяў разнастайныя мелі сэнс, хвалявалі моладзь, і хаця не  давалі відавочнага выніку, але неабходнасць сустрэч для моладзі, дзе яны маглі пачуць пастырскае слова мелі працяг.

“Беларусы і сям’я” – сваеасаблівы экскурс у гісторыю, як складваўся беларускі этнас, фарміраваўся інстытут хрысціянскай сям’і, пасля змрочных гадоў язычніцтва.  Распачалі пошук, што каштоўнага мы можам узяць у мінулымі, павучыцца ў сваіх продкаў, каб перанесці на сённяшнюю, сучасную  глебу.  У размове з моладзю на тэмы “Духоўны свет сям’і”,  “Сям’я – малая царква”, пачалі актыўна прымаць удзел царкоўныя служыцелі, псіхолагі, шматдзетныя сем’і, якія паказваюць прыклады захавання добрых хрысціянскіх традыцый. Сябрамі “Светачы” рыхтаваліся святочныя канцэртныя праграмы, літаратурна-музычныя кампазіцыі, як   “Мама – наша сонца”, “Матуліна мова – узор рушніковы”, “Галоўная сустрэча ў жыцці”, “Любоў нябёсы над табой трымае”, якія заўсёды дапаўняюць  створаныя відэаролікі на тэму. Прымалі ўдзел юныя артысты мастацкіх студый Палаца, настаўнікі і студэнты МДМК імя М.К.Агінскага, вучні гімназій горада. З асаблівай цеплынёй сустракалі такія імпрэзы  адпачываючыя ў Рэспубліканскім санаторыі для інвалідаў і ветэранаў вайны і працы “Вяжуці”, “Сасновы бор”, іншых установах сацыяльнага тыпу. А што моладзь? Ці абудзіліся настаўнікі? Пытанне рытарычнае.

Завяршаючым этапам  духоўна-асветніцкага лекторыя, прысвечнага сям’і  стала правядзенне ў Палацы культуры раённай канферэнцыі “Беларусы ўчора, сёння, заўтра”. У дзесяці дакладах  вопытных педагогаў-наватараў, спецыялістаў па праблемах сям’і, маладых студэнтаў, свяшчэннікаў, гучала занепакоенасць дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне. Прыводзіліся лічбы, факты негатыўных з’яваў у маладзёвым асяродку, што вядуць да разбурэння інстытута сям’і.  На добрых прыкладах, якія  яскрава гучалі з вуснаў дакладчыкаў, асабліва члена раённай камісіі па справах непаўналетніх, памочніка благачыннага па місіянерскай рабоце, настаяцеля храма Ражства Хрыстова протаіерэя Мікалая Саўчука, былі акрэслены шляхі выйсця з крызісу. У дакладах маладых навукоўцаў, людзей мастацтва, пры дапамозе   мультымедыйных прэзентацый, дэманстраваліся прыклады адлюстравання, перадачы з пакалення ў пакаленне добрых хрысціянскіх каштоўнасцей,традыцый, тая аснова, на якой будаваўся светапогляд беларуса. Выснова канферэнцыі была адназначнай, што гэтыя мадэлі мы павінны вяртаць у жыцце і замацоўваць дзеля захавання будучыні нацыі і будучыні сям’і як найважнейшага падмурка дзяржавы.

Цікавым, тэматычна разнастайным быў лекторый наступнага года, пабудаваны на метадычным дапаможніку “Біблія як помнік культуры”. Весці сустрэчы быў запрошаны малады свяшчэннік з сельскага прыхода. Удалы старт быў узяты з падзеі, якая абудзіла вернікаў, кансалідавала. Гэта паездка, арганізаваная айцом Сергіем да пояса Прасвятой Багародзіцы ў Маскву. Але на жаль асноўнымі   слухачамі лекторыя былі людзі больш сталага ўзросту. Моладзь не зусім задавальняла асвятленне тэм, хаця яны тычыліся гісторыі хрысціянства, людзям сталым цяжка было спасцігаць такія рэчы, як гісторыя. Працягваліся выступленні і вандроўкі з місіяй у розныя установы, арганізоўваліся святочныя духоўныя канцэрты.

“Светачцы” вярнуліся ізноў да высновы, да  тэмы, якая хвалявала і будзе хваляваць, пакуль не скончыцца свет. Працягам цыкла мерапрыемстваў, арганізаваных у межах праграмы “Сям’я-Яднанне-Айчына” стаў разлічаны на навучальны на  2012-2013 год духоўна-асветніцкі лекторый “Сям’я, царква і сучасны свет”. Традыцыйна па аўторках праходзілі сустрэчы на розныя тэмы,  большасць з іх балюча трывожыла дзявочыя сэрцы, насцярожвала. Гэта і “Задоўга да вяселля”, “Да жаніхоў і нявест”, “Аб сямейным шчасці”, “Ці патрэбна знешнасць духоўнаму жыццю”, “Калі цябе пакрыўдзілі”  і іншыя. Часам ў аўдыторыі адчувалася нават незадаволенасць. Не для іх і не пра іх гэта, асабліва калі вядучы сустрэч, вопытны свяшчэннік пачынаў размову аб цнатлівасці дзявочай, аб сучаснай модзе і якія дзяўчаты падабаюцца, прывабліваюць не “факіраў на гадзіну”, а прыстойных маладых людзей.  Але лекторый працаваў і меў плён яшчэ і дзякуючы настойлівасці кіраўніцтва і добра пастаўленым выхаваўчым працэсе у Маладзечнскім дзяржаўным  палітэхнічным каледжы. Бо асноўную аўдыторыю сустрэч складалі менавіта іншагароднія навучэнцы гэтай установы, насельнікі студэнцкіх інтэрнатаў, якія адарваныя ў 15-16 гадовым узросце ад бацькоўскага нагляду патрабавалі сацыяльнай адаптацыі і аблівай увагі і падтрымкі.

“Мілость сердца, доброта, любовь! Это так душе необходимо. Когда ты живёшь заботой о другом, равнодушно не проходишь мимо”. Такімі радкамі з верша звычайна пачыналіся сустрэчы, канцэртныя праграмы сяброў аб’яднання “Светач”, якія арганізоўваліся ў сценах ПК, выязных мерапрыемствах у розныя ўстановы сацыяльнага тыпу Маладзечанскага рэгіёна. З першага года існавання да аб’яднання “Светач” пачалі прыцягвацца маладыя людзі з фізічна абмежаванымі магчымасцямі , а нярэдка і з праблемамі псіхалагічна-духоўнага характару. Вялікая ўвага надавалась індывідуальнай рабоце ў клубе, нефармальным стасункам з сталымі сябрамі клуба, вопытнымі педагогамі, таленавітымі маладымі людзьмі, якія пердавалі свой запал , творчае гарэнне, натхнялі на добрыя справы ўласным прыкладам.

Цеснае супрацоўніцтва з грамадскасцю, пры падтрымцы кіраўніцтва горада, актыўнай дзейнасці Маладзечанскага аддзялення Рэспубліканскага фонда міру, аб’яднанню ўдавалася ініцыіраваць, арганізоўваць дабрачынныя акцыі, святочныя канцэрты, на якія запрашаліся і дастаўляліся  у Вялікую канцэртную залу Палаца, нават, цяжка хворыя маладыя інваліды. Для іх гэта было вялікай радасцю. Так пачыналася сяброўства з асобнымі насельнікамі дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў  і тымі маладымі людьмі, каго даглядаюць дома.

Чуллівыя, найбольш маладыя прыхажане храма Ражжаства Хрыстова,  з якім цесна супрацоўнічае аб’яднанне, пачалі прывозіць інвалідаў-калясачнікаў на богаслужэнні ў царкву. Так  абазначылася у “Светачы”, як доўгатэрміновая, праграма дзейнасці пад назвай “Міласць сэрца”. Яна стала працягам той працы, што распачалася ў першыя гады дзейнасці клуба,  калі лаўрэатам Міжнароднай ярмаркі сацыяльных праектаў з сваёй мультымедыйнай прэзентацыяй “Падтрымай чалавека ў хваробе, добрым словам яго сагрэй”  стаў малады фельчар хуткай дапамогі, паэт  Валерый Мілаш. Наступным быў яго сацыяльны праект, звязаны з клопатам аб лёсе і перапіскай у вершаванай форме з хворай на СНІД 16-ці гадовай  дзяўчынай з Санкт-Пецярбурга. Вынікам эпісталярыя, за якім не проста сачылі, але і актыўна ўдзельнічалі ў дыялогу шматлікія карыстальнікі расійскага сайта “Стихи-рy”, стала падрыхтоўка  паэтычнага зборніка “Прорвёмся”.

Паступова пастулат савецкіх часоў “У здаровым целе – здаровы дух…” абвяргала само жыццё. Працяг крылатага выразу, які цалкам на латыні гучаў, як  “…хутчэй выключэнне, чым правіла” ўсё больш сцвярджалі сваёй творчасцю таленавітыя інваліды. З падтрымкай клуба  “Светач” было падрыхтавана два прадстаўленні творцаў  на Міжнародны конкурс людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Філантроп” у Маскве. Намінантамі і уладальнікамі дыпломаў  сталі паэты  Галіна Біль і аўтар дзвух паэтычных зборнікаў, інвалід па зроку Ахмед Шейх-Загірбекаў.

Сябрамі “Светачы” быў падрыхтаваны, надрукаваны, хай сабе і невялікі, зборнік вершаў “Размова душы з целам” Зыдара Вайнілкі.  Прэзентацыя, арганізаваная ў інтэрнаце заведчыла, як любілі і паважалі  цяжка хворага з дзяцінства, але моцнага духам насельніка інтэрната. Светачцы і сёння трымаюць сувязь з сябрамі па веры, якія пасля перапрафіліравання інтэрната, змусілі з’язджаць  на новае месца жыхарства ў Лагойск. Больш моцныя фізічна сябры і той, хто наведваў паэта, перадавалі хвалюючыя паэтычныя прызнанні ў любові гораду Маладзечна праз  раённую газету, дзе друкаваліся вершы Зыдар і расказы аб ім.  У адказ сябры “Светачы” дасылалі фільмы аб горадзе, які значна папрыгажэў пасля свята “Дажынкі”. Ва ўспамін аб Зыдары, які у гэтым годдзе пайшоў з жыцця, на вечарыне  “Таленты бяз межаў”  сябры “Светачы” чыталі яго жыццясцвярджальныя, глыбока філасофскія, хрысціянскія вершы. Змаглі сустрэцца з сціплым, светлым позіркам гэтага незвычайна моцнага духам чалавека і яго сябрамі па інтэрнату ў відэастужцы “Святлом любові і надзеі”, зробленай некалі пры дапамозе сяброў клуба “Светач”. І яшчэ расказаць  аб маладой, таленавітай маладачанцы Вікторыі Капуцкай,  якой незвычайная воля і прага творчасці  не толькі  дапамагае перамагаць такую цяжкую хваробу як рассеяны склероз, але і рабіць свет прыгажэйшым, дарыць святло і радасць і быць за прыклад іншым.

Добрыя сяброўскія стасункі завязаліся ў сяброў клуба “Светач” з настаўнікамі і выхаванцамі абласных санаторных школ-інтэрнатаў: дзяцей, хворых на скаліёз і з парушэннямі зроку. Дзякуючы актыўнаму сябру  аб’яднання – музычнаму кіраўніку студыі “Радасць” школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку,   ў апошнія гады  праведзена шмат канцэртаў-акцый   пад назвай “Міласэрнасць – мастацтва нябёснае”. Юных артыстаў заўсёды цёпла прымаюць ў “Цэнтры карэкцыі і развіцця дзяцей і падлеткаў”. Да глыбіні душы выступленні, нярэдка невідушчых артыстаў, расчульваюць  адпачываючых у Рэспубліканскім санаторыі для інвалідаў і ветэранаў  вайны і працы “Вяжуці”,  Рэспубліканскім санаторыі “Сасновы бор”. Шчырыя, адкрытыя на дабро юныя артысты – частыя госці прадстаўленняў у Палацы культуры, удзельнікі святочных канцэртаў прысвечаных Вялікадню,  Дню маці, на Ражжаство   і  іншых. У апошнія тры гады яны  з  поспехам выступаюць на вялікай сцэне Палаца культуры, перамагаюць у абласных конкурсах мастацкай самадзейнаці “Белая тросць” — выхаванцаў інтэрнатаў Мінскай вобласці. Напрыканцы навучальнага года абавякова едуць ў Бараўляны, ў хоспіс,   каб падараваць хвіліны радасці дзецям з анкалагічнымі захворваннямі.

Абуджаецца рэлігійная  свядомасць, далучаецца моладзь да святыняў сваёй роднай зямлі. Вялікую ролю ў апошні час адыграла ў гэтым, арганізаваная аб’яднаннем “Светач” сумесна з Маладзечанскім благачыніем выстаўка-фоталетапіс  “Вялікая міласць Божая”. Прысвячалася яна _зямной і нябеснай славе Святой блажэннай Валянціны Мінскай, якая была арганізавана па ініцыятыве актыўных прыхажан храмаў горада. Больш за месяц ішлі людзі ў Палац, кожны аўторак свяшчэннікі здзяйснялі малебен каля выстаўкі. Сумесна з Маладзечанскім благачыніем,  аб’яднаннем “Светач” ладзяцца цікавыя сустрэчы са сведкамі яе благадатнага ўплыву на лёсы людскія, прагляды кінафільімаў, экскурсіі. Сягодня першыя з маладых сяброў клуба паспелі наведаць месца упакаення Матушкі Валянціны. Не застануцца маладзечанцы, і асабліва светачцы ў баку, каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні  месца упакаення Матушкі Валянціны

Добраахвотна даючага любіць Бог. І няма лепшага выхавання,  як выхаванне прыкладам, таму моладзь з задавальненнем удзельнічае у праектах аб’яднання побач з людзьмі вопытнымі, сталымі. Навучэнцы гімназій горада, школьнікі старэйшых класаў прыходзяць у “Светач” па падказцы сваіх настаўнікаў, а нярэдка матуль, бабуль. Жаданне самарэалізавацца ў творчасці прыводзіць тых пытлівых, што хочаць звязаць свой лёс з журналістыкай, літаратурнай дзейнасцю, мастацтвам.  Аб’яднанне “Светач”  з’явілася ў свой час арганізатарам рэгіянальнага літаратурнага конкурса “Галасы малой Радзімы””, прысвечанага 620-годдзю горада Маладзечна, які выявіў шмат літаратурных талентаў.

Добрай традыцыяй стала правядзенне канцэртаў, прысвечаных хрысціянскім святам, тэматычных літаратурна-музычных кампазіцый, вечароў памяці, прэзентацый кніг. З дапамогай клуба “Светач”  была здзейснена дапамога ў выданні і прэзентацыя  зборнікаў маладзечанскіх паэтак:  “Святая проповедь небес”  Антоніі Ільінскай, “Саната Крывічанкі” Наталлі Крывец. Да прэзентацыі першага з іх, сябрам аб’яднання Т.Стукалавай быў падрыхтаваны музычны альбом з 15 песень.

Клопатам сяброў аб’яднання, пошуку спонсараў і пры дапамозе адміністрацыі Палаца культуры адбыўся выпуск і прэзентацыя мастацкага каталога выдатнага творцы краю “Кастусь Харашэвіч. Старонкі жыцця і творчасці”.

Выраз «инициатива наказуема» у “Светачы” азначае, што цябе наперадзе чакае праца і немалая, але працаваць ты не проста будзешь, але  ва славу Божую. Так уласнай ініцыятывай  актыўны сябра “Светачы”, малады інжынер прадпрыемства “Мінскія электрасеткі” Мікалай Шаўлюк у 2011 годзе стварыў  у інтэрнэт-сетцы ў “Кантакце” групу “Маладзечна праваслаўнае”, якая набывае ўсё больш новых сяброў. Праз гэту старонку  клуб “Светач” наладзіў шэраг сустрэч з ініцыятыўнымі групамі  праваслаўнай моладзі з Мінска і іншых гарадоў. Стасункі  праходзяць у форме інтэектуальных сустрэч,  інтэрактыўных гульняў, з элементамі духоўнай асветы, спартыўных мерапрыемстваў. У восень 2012 года Мікалай з сваімі маладымі сябрамі стварылі сайт “Маладзечна праваслаўнае”, дзе асвятляецца рэлігійнае і духоўна-асветніцкае жыццё ўсяго Маладзечанскага рэгіёна і асобныя навіны праваслаўя свету.

З інцыятывы   адміністратара  сайта   15 лютага 2012 года ў Палацы культуры ўпершўыню адзначаўся Міжнародны дзень праваслаўнай моладзі.  І сапраўдным падарункам  у наступным годдзе, стаў арганізаваны ў Палацы культуры першы баль праваслаўнай моладзі “Стрэчанне -2013”. Больш двухсот удзельнікаў і гасцей свята акунулася ў атмасферу прыгажосці, узнёсласці, чысціні. Гэта стала яшчэ і пляцоўкай для місіянерскай дзейнасці, дабрачынных акцый, а самае галоўнае – месцам прыцягнення людзей па духу, па імкненнях да святла. Мерапрыемства шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармаціі. Гасцямі балю былі маладыя свяшчэннікі, іх семьі. Моладзь вельмі прыязна успрыняла пастырскае блаславенне адраджэння добрай традыцыі і была ўдзячная матэрыяльнай дапамозе ў арганізацыі мерапрыемства з боку Храма Ражства Хрыстова.

Адміністрацыя Палаца культуры, дырэктарам якой з’яўляецца Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Рыгораўна Сарока падтрымала, прыняла рашэнне штогод ладзіць падобныя мерапрыемствы.

Любоў да Радзімы, да сваіх каранёў – неад’емная частка духоўнасці. На дапамогу заўсёды прыходзяць добрыя кнігі, сустрэчы з іх аўтарамі. Адной з першых для моладзі  была зладжана прэзентацыя кнігі “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”, прысвечаная першым хрысціянам западных земляў , тром Віленскім пакутнікам. Праходзіла сстрэча ў мадладзёвай аўдыторыі з удзелам аўтара, вядомай беларускай пісьменніцы  Вольгі Іпатавай. Не адну цудоўную сустрэчу падарыла маладзечанцам член Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза піьменнікаў Беларусі, вядомы праваслаўны бард Таццяна Дашкевіч і  кандыдат педагагічных  навук, аўтар шматлікіх праваслаўных радыёперадач Галіна Астахава, паэтэса Антонія Ільінская і іншыя.

Выхоўваюцца лепшыя патрыятычныя пачуцці і праз юбілейныя вечарыны,  памяці нашым землякам,  якія пакінулі след на гэтай зямлі, праз іх адметныя лёсы, друкаванае слова. Пакінулі свой след на гэтай зямлі:  доктар гістарычных навук, пісьменнік-краязнаўца Г.А. Каханоўскі, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, славутая разведчыца , гераіня першай перадачы на Ўсесаюзным тэлебачанні  “Свет душы” і рамана М.Кацюшэнкі “Урок маўчання” А.І. Мамчыц. Упісаў яркую старонку ў гісторыю краіны пісьменнік  М.І. Ермаловіч і іншыя. Бо няма лепшага ўзору ў выхаванні, як  выхаванне прыкладам. Не застаюцца па за ўвагай даты краязнаўчага календара, як вечарына “Першая ластаўка”, прысвечаная 140-ка  і 145-годдзю адкрыцця  Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. За паўстагоддзя з сценаў першай на Беларусі і адной з першых у Расійскай імперыі ўстановы новага тыпу выйшла шмат педагогаў, ваеначальнікаў, літаратараў, свяшчэннаслужыцеляў. У гэтых вечарынах бярэ ўдзел моладзь “Светачы”, вучні і студэнты, маладыя настаўнікі, якія з задавальненнем інсцэніруюць урыўкі з твораў, музычна аздабляюць, ствараюць відэафільмы.

Вялікай часткай работы, разлічанай на гады, стаў праект “Духоўная спадчына рода Агінскіх”. Першы этап мерапрыемстваў прымеркаваны да 250-годдзя з дня нараджэння знакамітага кампазітара, грамадскага і палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Праграма распрацавана сумесна з Маладзечанскім Мясцовым дабрачынным фондам “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, асноўнай мэтай якога з’яўляецца адраджэнне і папулярызацыя гісторыка-культурная спадчыны роду Агінскіх, дзейнасць якога выклікае вялікую цікавасць для маладых даследчыкаў. І гэта зразумела, бо паўсюдна, дзе сяліліся нашчадкі славутага роду, будаваліся храмы, адчыняліся манастыры і тагачасныя навучальныя ўстановы. Менавіта сямья Багдана Агінскага, з удзелам яго сына Мацея, жонкі, стала фундатарам будаўніцтва Кафедральнага сабора Святых Пятра і Паўла ў Мінску. Ганна Агінская адкрыла у Прылуках, каля Мінска мужчынскі праваслаўны манастыр. Дзякуючы малюнку расійскага мастака  Дзмітрыя Струкава, мы ведаем як выглядала праваслаўная царква ў Маладзечне, пабудаваная апошнімі нашчадкамі графскага рода Агінскіх, які 110 год валодаў Маладзечна.  Даследчая праца “Светачы” у гэтым напрамку ідзе згодна з адпаведнай праграмай ЮНЭСКА і на Міжнароднай канферэнцыі, якая пройдзе напярэдадні юбілею кампазітара ў Маладзечне, клубным аб’яднаннем заяўлена выступленне па тэме “Духоўная спадчына рода Агінскіх”.

Такім чынам, накірункі шматграннай дзейнасці Духоўна-патрыятычнага аб’яднання “Светач” і формы яго працы даволі разнастайныя. Менавіта творчая разнастайнасць, магчымасць самавыяўлення, знаемства з цікавымі асобамі, удзел ў крэатыўных праектах, набыцце неабходных навыкаў жыцця ў сучасным складаным сацыяльным становішчы канцэнтруе вакол аб’яднання  шмат моладзі – будучыні нашай дзяржавы.

 

Спіс літаратуры

  1. Демографическая ситуация, человеческий и социальный капитал Республики Беларусь: системный анализ и оценка / С.Ю.Солодовников [и др.]; науч. ред. П.Г.Никитенко; Ин-т экономики НАН Беларуси. – Минск: Беларус. навука, 2008. – 424 с.
  2. Загорец, И.В. Факторы рождаемости и стратегия социально-демографического развития страны / И.В. Загорец // Республика Беларусь. 20 лет независимости: материалы Международной научно-практической конференции, Минск, 24-25 ноября 2011 г. / Нау. академ. наук Беларуси; редкол.: А.А. Коваленя [и др.]. – Минск, 2012. – С. 254-256.

(189)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели