Лебедзева: палкавы абраз грузінскага палка захавала жанчына з трагічным лёсам

Размещено Янв 22, 2016 в История края, НОВОСТИ | Комментарии (0)

Лебедзева: палкавы абраз грузінскага палка захавала жанчына з трагічным лёсам
19.01.2016 15:02 

Палкавы абраз 14-га грэнадзёрскага грузінскага палка мае 175-гадовую гісторыю

Палкавы абраз 14-га грэнадзёрскага грузінскага палка мае 175-гадовую гісторыю. Фота забяспечана Фота забяспечана Антонам Апанасевічам.

Летам 1915 года Першая сусветная вайна прыйшла на тэрыторыю Беларусі. Нягледзячы на тое, што было некалькі франтоў, важнейшыя падзеі развярнуліся на Усходнім фронце. Многія з іх адбыліся на маладзечанскай зямлі, а таксама Вілейшчыне і Смаргоншчыне. У Лебедзеўскай Свята-Троіцкай царкве захоўваецца гістарычная рэліквія і сведка тых падзей – пал­кавы абраз.

Гісторыя абраза да нядаўняга часу была нам невядомая. Пасля Першай сусветнай ён быў у доме ў вёсцы Кавальцы сярод іншых абразоў. Гаспадыняй была мясцовая жыхарка Фёкла Давідаўна Шаюк. У 1989 годзе абраз падарылі Лебедзеўскай Свята-Троіцкай царкве.

Ён зроблены з дрэва і складаецца з трох частак. У добрым стане, хаця ёсць нязначныя пашкоджанні расліннага арнаменту па краях прамавугольніка.

Што на абразе

Сюжэт абраза наступны. Уверсе прамавугольніка выява прарока Ільі на калясніцы, знізу прарок Елісей. Па краях – раслінны арнамент з залацістымі кветкамі.

Уверсе на срэбраным паўколе выгравіраваны надпіс “Господь Саваовъ”. Пад лікам – аблокі, знізу – птушка. Па баках на срэбраных пласцінах знаходзяцца выявы Аляксандра Неў­скага і Мікалая Цудатворца.

Знізу прамавугольніка выгравіраваны надпіс: “Благоговейнымъ усердіемъ, сооруженъ образъ сей, фурштатскою Ротою Грузинскаго Гренадерскаго Полка. Iюля 21го дня 1840 года”. Фурштат – гэта старая назва абозных частак.

Фота забяспечана Антонам Апанасевічам.

Фота забяспечана Антонам Апанасевічам.

Як знайшлі гаспадароў абраза

Прааналізаваўшы дакументы, можна ўпэўніцца, што абраз належаў 14-му грэна­дзёрскаму грузінскаму палку Яго Імператарскай Вялікасці спадчынніка Цэсарэвіча Вялікага князя Аляксея Мікалаевіча. Гэты полк быў часткай Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад 2-га Каўказскага армейскага корпуса.

Ёсць два аргументы, якія прыводзяць да гаспадароў абраза. Па-першае, у спісе салдат расійскай імператарскай арміі, пахаваных на могілках былога мястэчка Беніца, 13 воінаў з 17 служылі ў Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі, у тым ліку ў 14-м палку. Месца яго дыслакацыі – вёска Кавальцы, у трох-чатырох кіламетрах ад Беніцы. У Кавальцах могілак не было, таму загінулых хавалі ў Беніцы.

Па-другое, афіцэр Козьмін ва ўспамінах “Каўказская грэнадзёрская артылерыйская брыгада: жнівень 1914 – верасень 1915 гг.” расказвае пра дыслакацыі і баі ў раёне Крэва-Смаргонь. Гэтыя ўспаміны друкаваў ваенна-гістарычны часопіс “Ваенная быль”, які выдавалі белаэмігранты ў Парыжы.

Полк быў заснаваны ў 1700 годзе як пяхотны полк Аляксандра Гордана. Яго назва неаднаразова мянялася. Нумар “14” полк атрымаў у 1864 годзе. Грэнадзёра (ад франц. grеnаde – граната) – від пяхоты ў 17-20 стагоддзях у Еўропе. Першапачаткова яны былі гранатамётчыкамі. У царскай арміі грэнадзёрскія палкі былі прывілеяванымі.

Полк ваяваў з Персіяй, Турцыяй, Заходнім Каўказам, але асабліва сябе праявілі салдаты і афіцэры палка ў баях пад Смаргонню.

Паходная палкавая царква існавала ад канца 18 стагоддзя. У храме былі каштоўныя падораныя абразы і дарагія царкоўныя прылады. Палкавы абраз заўсёды быў разам з палком.

Фёкла Шаюк, 1890–1987. Фота забяспечана Антонам Апанасевічам.

Фёкла Шаюк, 1890–1987. Фота забяспечана Антонам Апанасевічам.

Абраз захаваўся дзякуючы Фёкле Шаюк

Жыццё Фёклы Давідаўны – узор вернасці хрысціянскім сямейным традыцыям. Перад вайной яна выйшла замуж у Кавальцы. Сямейнае жыццё ў жанчыны не было шчаслівым. Муж патануў, а маленькае дзіця загінула.

У час Першай сусветнай яна засталася ў доме мужа. Дом быў вялікі, былі і гаспадарчыя пабудовы. Менавіта ў гэтым доме размясцілася паходная царква. Там былі абразы: палкавы абраз, абраз Святога Мікалая Цудатворца, абраз Выратавальніка. Быў і чацверты, але выява невядомая.

Паводле расповеду пляменніцы Фёклы Давідаўны, гэта абраз меў ручны прывод, пры дапамозе якога атрымлівалі гучанне малітваў “Ойча наш” і “Верую”.

Як размясціліся воіны

У хляве стаялі коні ваенных. У двары размясцілася салдацкая кухня. Да сёння захавалася прыстасаванне, каб пакласці мяса ў кацёл і каб пасля дастаць.

У доме гаспадыні салдаты і афіцэры адаграваліся, сушылі адзенне, адпачывалі. Гаспадыня дапамагала рамантаваць адзенне і спраўляцца з побытавымі цяжкасцямі.

Пасля аднаго з абстрэлаў дом Фёклы Давідаўны быў часткова разбураны, але салдаты хутка яго адрамантавалі.

Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года абразы і рэлігійныя каштоўнасці сталі непатрэбныя. Традыцыя ўдзелу ў воінскіх падраздзяленнях святароў спынілася. Армію расфарміравалі, пачалі ствараць Чырвоную Армію, у якой былі іншыя каштоўнасці і ідэалы.

Фота забяспечана Антонам Апанасевічам.

Фота забяспечана Антонам Апанасевічам.

Цяпер абраз у лебедзеўскай царкве

У 1970 годзе жанчына пераехала на сталае жыхарства ў вёску Асанава і прывезла палкавы абраз разам з іншымі. Пасля яе смерці рэліквію захоўвала пляменніца Вольга Якаўлеўна Матусевіч, якая памерла ў 2002 годзе.

Пасля адкрыцця Лебедзеўскай Свята-Троіцкай царквы, Вольга Якаўлеўна ў 1989 годзе перадала туды абраз. Там ён месціцца і сёння.

Абраз – сімвал памяці загінулым, напамін пра жорсткія баі, якія праходзілі сто год таму на нашай зямлі. Нашы землякі захавалі культурную каштоўнасць і перадалі яе лебедзеўскай царкве.

 

AЎТАР(Ы): АНТОН АПАНАСЕВІЧ, НАСТАЎНІК ГІСТОРЫІ ЛЕБЕДЗЕЎСКАЙ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЫ

http://www.rh.by/by/367/70/13532/

(61)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели