З гісторыі царквы ў імя святога вялікапакутніка Дзімітрыя Салунскага вёскi Мясата

Размещено Июл 29, 2016 в История края, НОВОСТИ | Комментарии (0)

З гісторыі царквы ў імя святога вялікапакутніка Дзімітрыя Салунскага вёскi Мясата

Упершыню Мясата згадваецца ў пісьмовых крыніцах яшчэ ў 16 стагоддзі: у 1575 г. вёска належала віцебскаму ваяводзе Стэфану Андрэевічу Збаражскаму.

Першыя ж згадкі пра мясоцкую царкву звязаныя з падзеямі Паўночнай вайны (1700-1721 гг.), якая ішла на землях Вялікага княства Літоўскага паміж Швецыяй і Расіяй. Тады царква была знішчаная разам з усёй вёскай, дзе засталася жыць усяго адна сям’я. З цягам часу людзі сталі вяртацца і адбудоўваць Мясату — адбудавалі на сваіх плячах і царкоўку.

У 1770 г. для яе быў выдадзены антымінс – спецыяльная чатырохвугольная хуста з выяваю паграбення Хрыста і з часцінкай святых мошчаў, якою накрываюць прастол, калі асвячаюцца дары Цела і Крыві Хрыстовых для таінства Прычасця. На антымінсе заўсёды ўказваецца калі, для якога храма і якім архіерэем ён асвечаны. Захоўваўся мясоцкі антымінс больш за сто год у Красненскай царкве.

2.

Але і гэтая мясоцкая царкоўка не захавалася да нашых дзён: сёння на вясковых могілках стаіць тая царква, якую пабудавалі ў 1847 годзе стараннямі Казіміра Тышыньскага. На пачатку 19 ст. маёнтак Мясата належаў вядомаму кампазітару і палітыку Міхалу Клеафасу Агінскаму, які прыкладна ў 1816 г. перадаў яго асірацеўшай сям’і свайго сябра і памочніка Эразма Тышыньскага. Казімір быў адным з трох сыноў Эразма.

У 1830 г. у Мясаце былі пахаваныя цесць і цешча Казіміра Тышыньскага: “Антоні Сарціні і Ганна з Дамброўскіх Сарцінава памерлі каля 1830 года, абое пахаваныя на былых уніяцкіх могілках у Мясаце” – так напісана па-польску на надгробнай пліце каля фамільнага склепу Тышыньскіх у Красным. Значыць, у ранейшыя часы могілкі і царкоўка ў Мясаце некаторы час былі уніяцкімі, і на іх побач з простымі людзьмі хавалі і паноў.

Тым не менш, тады, у 1847 г. пан Казімір даў грошы усё-ткі на праваслаўную царкоўку. Без адзінага цвічка яе ўзвялі і па-праваслаўнаму асвяцілі ў гонар святога вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага, а прастол у ёй быў асвечаны ў імя Узнясення Гасподняга. Як тады, так і цяпер, кожны год у мясоцкай царкоўцы абавязкова ладзяцца службы ў дзень памяці Дзмітрыя Салунскага (Дзмітрыеўская бацькоўская субота) і на свята Узнясення Гасподняга, па-народнаму – на Змітра і на Ушэсце.

3.

З тых часоў і да сёння царкоўка прыпісаная да прыходу Красненскай Свята-Пакроўскай царквы.

Трэба ўспомніць аднаго з айцоў-настаяцеляў Красненскай царквы ў 19 ст. — Аляксандра Флёрава, які ў 1880 г. быў абраны яшчэ і Маладзечанскім благачынным, а ў 1886 г. з яго старанняў у Мясаце адкрылі царкоўна-прыходскую школу. Школку зладзілі ў хаце, нанятай у псаломшчыка, настаўнікамі былі псаломшчык і святар. Увесь прыход быў моцна засмучаны, калі 24 студзеня таго ж, 1886 года, ва ўзросце 44 год айцец Аляксандр памёр ад чахоткі, пакінуўшы семярых дзяцей ва ўзросце ад аднаго да 12 год. Пахаванне адбылося ў саслужэнні 11 святароў, цела ж нябожчыка пахавалі ў алтарнай частцы Красненскай Свята-Пакроўскай царквы.

Побач з царквой пахаваны Адам Бурак – красненскі старшына, якому, як і многім іншым мясоцкім здольным юнакам і дзяўчатам дапамаглі вывучыцца і выбіцца ў людзі Тышыньскія, якія валодалі сядзібай ў Мясаце да 1939 г.

4.

Няпростым было для Беларусі 20е стагоддзе, але з Божай дапамогай Мясоцкая царква перажыла і войны, і бязбожныя ўлады.

Шмат мясоцкіх людзей загінула ў Вялікую Айчынную вайну: на мясоцкіх могілках ёсць магілы тых, хто загінуў на фронце – некаторыя з іх не дажылі да Перамогі ўсяго тыдзень, ёсць магілы і тых, каго закатавалі, замучылі, нават спалілі дома – у Мясаце ці ў суседняй Сакаўшчыне. Вядома, што ў вайну ў царкоўку трапіў снарад – але не разарваўся. Многія іконы захавалі сляды ад куль, але сама царква засталася непарушаная і тады, калі ў 1944 г. акупанты адступалі і вёска зноў гарэла.

Але мірныя часы прынеслі новыя выпрабаванні. У міжваенныя гады ў Савецкай Беларусі рушылі храмы і расстрэльвалі святароў, але Мясату гэтыя падзеі абмінулі, бо вёска, як і ўся Заходняя Беларусь была пад каталіцкай Польшчай. У 1939 г. Заходную Беларусь далучылі да БССР, але ў Мясаце не перасталі жыць па-хрысціянску, з крыжом і малітвай.

У 1960 г. улады зачынілі, як і многія другія ў Красненскім прыходзе, мясоцкую царкву. Калі прыехалі людзі і сталі разбіраць яе дах, тыя з мясоцкіх, што былі на сенакосе, кінуліся з віламі і граблямі на абарону царквы – і адстаялі яе. Жыццё бязбожнікаў склалася трагічна, а ў Мясаце не перасталі маліцца за спачылых на Змітра і святкаваць Ушэсце – у гэтыя дні абавязкова прыязджаў бацюшка.

Паколькі царкву паспелі парушыць, за дзень да службы мясоцкія прыходзілі прыбрацца ў храме, ўпрыгожыць абразы папяровымі кветкамі — многія з іх людзі хавалі па хатах, не забывалі таксама клапаціцца і пра тыя, што засталіся ў царкве. Так стараннямі мясоцкіх прыхаджан і да нашых дзён захаваліся ўнікальныя – такіх болей нідзе не ўбачыш – іконы, напісаныя мясцовымі майстрамі яшчэ ў 19 ст. У царкве таксама заўсёды стаяла скарбонка, можна было паставіць свечку. Захаваліся святочныя і пахавальныя харугві, вынасны крыж. З тых святароў, што акармлялі духоўныя патрэбы мясоцкіх вернікаў за савецкім часам, трэба ўзгадаць Віктара Вашчанка (айцец-настаяцель Красненскай царквы з 1915 па 1960 гг., з 1917 па 1923 гг – Маладзечанскі благачынны), Мікалая Рагуновіча, Міхаіла Вейга, Георгія Латушка.

5.

Каля 1990 г. нарэшце стала магчымым адрамантаваць царкву, не баючыся пераследу з боку ўлады. З гэтым звязаная наступная гісторыя малога цуда: аднойчы Яўгенія Костачка шукала свайго малога ўнука, які выйшаў пагуляць за гумнамі. Жанчына ведала, што побач пасвілі агромністага каня з фермы, і баялася, каб той не нарабіў малому шкоды. І тут яна ўбачыла здалёк, што ўнук яе стаіць акурат абняўшы гэтага каня за заднюю нагу, якой наравістая жывёла магла лёгка забіць хлапчука. Жанчына адразу кінулася на паратунак, і, колькі бегла, прасіла Госпада, каб дзіцё засталося ў жывых – тады яна за свае грошы перакрые шыферам дах царкоўкі. І раптам адбыўся цуд: дзіцё раскрыла рукі, адпусціла каня, а жывёліна спакойна пайшла далей скубсці траву. Удзячная бабуля выканала сваё абяцанне перад Богам: яе муж разам з аднавяскоўцамі адрамантавалі дах царквы, а затым і яе столь, сцены, падлогу…

У 1990 г. айцом-настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы у Красным быў назначаны тады іерэй Павел Хадакоўскі. Яго стараннямі адраджаліся храмы ўсяго прыхода. Мясоцкую царкву абклалі цэглай, з’явілася званічка, новае начынне. Стараліся і прыхаджане: на аналоі ляжыць ікона вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага, прывезеная з Афона, а за царскімі варотамі знаходзіцца старадаўняя адрэстаўрыраваная ікона святога – да гэтага яе палатно было моцна разарванае знізу кулямі.

Любімы ўсімі прыхаджанамі бацюшка Павел заўчасна памёр у снежні 2012 г і быў пахаваны на пагосце ля сцен Свята-Пакроўскай царквы ў Красным. Апошнія гады жыцця ён мужна змагаўся з ракавай хваробай. Ён пакінуў пасля сябе адноўленыя храмы, вершы і светлую памяць і любоў тых, каго ён хрысціў і прывёў да веры. У 2013 г. айцом-настаяцелем прыхода стаў яго сын, іерэй Мікалай Хадакоўскі. Яго стараннямі ў 2015 г. быў праведзены рамонт, які ўпрыгожыў мясоцкую царкву знутры.

Аўтар артыкула: Іаанна Владыка (https://vk.com/id125950263)

http://hram.by/churches/view/581/

(127)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Перейти к верхней панели